Паэт Сяргей Прылуцкі: «Расейская культура на сёньня — зло»

Сяргей Прылуцкі

Ваенны час і жахлівыя краявіды наўкольля вымагаюць простых і ясных словаў.

Трэба жыць у разгромленым расейскімі акупантамі ўкраінскім горадзе, каб зразумець, чаму беларускі паэт піша вось такія вершы:

Там за туманамі, там за акопамі,
за выбуховых хваляў сынкопамі
ў варожых ямах ляжаць зомбі –
пад сонцам вясновым блішчаць вантробы.
Іх сорам ня еў — даядаюць каты́.
Катáм усё роўна: стары, малады,
з Разані, Махачкалы ці Тамбова...
Хопіць карміць іх, пані й панове –
ад вашага мяса катам (.….).


З аўтарам гэтых жорсткіх радкоў Сяргеем Прылуцкім мы пагаварылі пра вайну і новыя прафэсіі, беларускія кнігі і расейскую культуру, расейскамоўных беларусаў у эміграцыі і сына.

— З пачаткам вайны вашая жонка, украінская паэтка Алена Сьцепаненка (Olena Stepanenko) з сынам Адамам зьехалі ў Ангельшчыну. Што вас, беларуса, змусіла застацца ва ўкраінскай Бучы пад варожымі бомбамі?

— Думаю, варта зазначыць некаторыя нюансы. У Бучы ў акупацыі два тыдні мы былі ўсе разам. Потым пры першай магчымасьці эвакуаваліся і ўжо з Львова жонка з сынам выехалі спачатку ў Польшчу, а празь некаторы час у Брытанію.

У мяне не было думкі выяжджаць. Адразу, як мяне прытуліў у сваёй кватэры ў Цярнопалі сябра Юры Завадзкі, я стаў на вайсковы ўлік. І дагэтуль гатовы папоўніць шэрагі войска. У Бучу вярнуўся тады, калі расейцы ўжо адтуль уцяклі і там стала параўнальна ціха.

Кватэра Сяргея Прылуцкага ў Бучы, узламаная расейскімі вайскоўцамі.

«Беларуская культура ніколі не была ні імпэрскай, ні антыўкраінскай»

— Як вам жывецца цяпер у гэтым разьбітым, зьнявечаным расейскімі нападнікамі горадзе?

— Жывецца «па-халасьцяцку». Некаторыя сябры і знаёмыя вярнуліся, шмат хто разьехаўся з Бучы па Ўкраіне і замежжы і пакуль ня вырашыў, калі вяртацца назад. Па магчымасьці намагаюся неяк падцягваць веды ў вайсковай справе і тактычнай мэдыцыне. Купіў зброю. Здаецца, як і многія іншыя цывільныя тут.

— Нядаўна вы напісалі, што за прамінулы год не прачыталі ніводнае кнігі. Ці гэта азначае, што літаратура перастала для вас быць скарбонкаю адказаў на ўсе выклікі жыцьця? Ці, можа, цяперашняе наўкольнае штодзённае пекла не дае ўжо вам надзеі на хаця б уяўны зямны рай, зашыфраваны ў кніжнай мудрасьці?

— Скарбонкай яна не перастала быць, але, скажам так, шмат што з гэтай скарбонкі вылецела са сьвістам. Нешта назаўжды, як, напрыклад, большая частка расейскай паэзіі. Нешта проста «стала на паўзу», напрыклад вялікія тэксты, якія даўно хочацца прачытаць, але ніяк не даходзілі рукі. Збольшага маё чытво цяпер — перачытваньне ўлюбёнай паэзіі, нейкія навінкі сучаснай, якія трапляюцца на вока, нон-фікшн, гістарычныя нейкія працы, эсэ. Але ўсё гэта похапкам і не сыстэмна, на жаль.

— І яшчэ пытаньне пра кнігі. Нядаўна стала вядома, што на сёлетні «Кніжны арсэнал» у Кіеў не запрасілі беларускіх выдавецтваў, нават тых, якія зарэгістраваныя беларусамі з пашпартамі эўрапейскіх краінаў і працуюць з аўтарамі, вымушанымі выехаць за мяжу ад палітычных рэпрэсій на радзіме. Чаму, на вашую думку, так сталася? І як вы, як беларускі паэт, які ўжо даўно жыве ва Ўкраіне і не пакінуў яе нават з рызыкай загінуць там пад расейскімі бомбамі, пачуваецеся ў такой сытуацыі?

— Калі казаць пра гэты канкрэтны выпадак, то мне цяжка назваць прычыны. На маю думку, было б слушна на знак салідарнасьці з адэкватнымі беларусамі і ўвогуле падтрымкі беларускай культуры знайсьці нейкае выйсьце. Бо варта разьдзяляць лукашыстаў і беларусаў. І не выкрэсьліваць за кампанію з расейскай культурай яшчэ і беларускую. Якая ніколі не была ні імпэрскай, ні антыўкраінскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нічога нястрашнага». Дзёньнік з Бучы беларускага пісьменьніка Сяргея Прылуцкага

“У Беларусі ніколі не было сыстэмнай падтрымкі культуры незалежнымі структурамі”

— Беларускіх пісьменьнікаў цяпер можна сустрэць на вуліцах многіх гарадоў сьвету. За мяжой яны ня толькі ратуюцца ад лукашэнкаўскіх вязьніц, але пішуць і выдаюць кнігі, робяць прэзэнтацыі і сустракаюцца з чытачамі. А ці адчуваеце вы сябе часткай замежнага беларускага літаратурнага працэсу?

— Па-мойму, ужо даўно ня важна, дзе ты жывеш, каб быць часткай беларускага, і ня толькі беларускага, літпрацэсу. Калі гаварыць пра апошнія ініцыятывы — праект Дзьмітрыя Строцава, выданьне кніг у Брытаніі, рэанімацыя літрадыё — то гэта, спадзяюся, толькі пачатак. Людзі, якім удалося пазьбегнуць рэпрэсій або перажыць іх і нейкім дзівам вырвацца з краіны, толькі-толькі намагаюцца выбудаваць жыцьцё культуры за мяжой пры мінімуме магчымасьцяў.

У Беларусі ніколі не было сыстэмнай падтрымкі культуры незалежнымі структурамі, бо пэрыядычна гэтыя структуры або закрывалі, штрафавалі, выціскалі з краіны, або вымушалі быць «позговорчивей».

Калі гаварыць канкрэтна пра мяне, то пакуль, праз вайну, удзельнічаць у нейкіх выступах ня маю магчымасьці. Наконт выданьня кніжкі ёсьць адна прапанова ад аднаго беларускага выдавецтва, якога пакуль няма. Таму асаблівых моцных надзей пакуль ня маю, каб, калі што, потым не расчароўвацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нават не спрабуйце ствараць пляцоўкі для дыялёгу паміж украінскай і расейскай культурамі», — украінскі літаратар Вячаслаў Лявіцкі беларусам

«Тэксты Дастаеўскага і іншых варта аналізаваць пад іншым фокусам, як трупы ў празэктарскай»

— Даводзіцца канстатаваць, што мова многіх патэнцыйных замежных чытачоў беларускіх кніг цяпер (як, дарэчы, было і дагэтуль на радзіме) расейская. Яны хоць і маюць адкрытую антываенную пазыцыю, тым ня менш гавораць на мове агрэсара. Як думаеце, чаму так адбываецца? І што ўрэшце змусіць перамяніць гэтую ў нейкім сэнсе недарэчную і алягічную сытуацыю?

— Калісьці, яшчэ падчас пратэстаў у 2020-м, у размове зь сябрам мы гаварылі пра тое, што калі раптам пратэсты перамогуць, у краіне будзе шмат праблем. Галоўная, безумоўна, — прыязнае на той час стаўленьне пэўнай часткі пратэстоўцаў да Расеі. Ня ведаю, як зьмяніліся людзі за гэтыя тры гады. Зрабіць апытаньне рассыпаных па сьвеце беларусаў немагчыма.

Я думаю, настаў час перагледзець мэтафару Максіма Гарэцкага пра дзьве душы і формулу Ігната Абдзіраловіча пра беларускую культуру як культуру памежжа. Прынамсі, на наступныя гадоў пяцьдзесят.

Проста пакласьці гэтыя кнігі на верхнюю паліцу і зразумець, што расейская культура сёньня — зло. Я не заклікаю выкідаць з хатніх бібліятэк Дастаеўскага і іншых. Проста варта іх тэксты аналізаваць пад іншым фокусам, як трупы ў празэктарскай. І тое, што людзі, вырваўшыся з дыктатуры на свабоду, забралі з сабой «старое жыцьцё», «старую мову» і намагаюцца яго аднавіць у новых умовах, вельмі сумна. Няма таго, што раньш было, як казаў яшчэ адзін Максім.

У кватэры Сяргея Прылуцкага ў Бучы, узламанай расейскімі вайскоўцамі.

«... Іх бацькі сапсавалі даўно, бо дагэтуль жывуць у Савецкім Саюзе»

— Ваенны жорсткі час моцна перамяніў вашу паэтычную стылістыку. Такія ўласьцівыя вам раней досьціпы і жарцікі ў апошні год замянілі бязьлітасныя словы пра сьмерць і забойцаў: «Цяпер усе тут дыхаюць другім дыханьнем / згубіўшы першае жывуць другім жыцьцём / няспынна сьмерць перадае вітаньні / з усходу пасылаючы ганцоў». Але самыя балючыя вершы, якія немагчыма чытаць бяз сьлёз, гэта вашыя паэтычныя лісты да сына Адама. Давайце пазнаёмім чытачоў зь некаторымі зь іх.

Ліст Адаму

Калі ты прачытаеш гэты ліст,
мы будзем жыць у іншай рэчаіс-
насьці. І ў гэтым падарожжы,
паміж сягоньня й заўтра, зьменім шмат.
Ня бойся болю — безь яго ніяк. А дым
айчыны, мой маленькі пілігрым,
хай стаць табе дарослым дапаможа,
у змрок ня збочыць, не пайсьці назад.

Твой век, прабач, ніяк не прыручыць.
Ці зможаш сам сябе абараніць?
Чарговы зьвер, што выгрыз нам вантробы,
ужо стаіць, глядзіць на твой пакой.
Мы будзем разам, колькі дасьць нам лёс,
мой Адысэй з краіны недзівос.
Ў які цудоўны край, якія катакомбы
цябе закіне новых дзён прыбой?

Птушыны Прынц, упарты Пітэр Пэн,
народжаны ў эпоху перамен,
цябе чакае ў гэтым цёмным лесе
падступны бог загубленых сьцяжын.
Тваёй свабоды залаты нэктар –
відаць, адзіны варты ўвагі дар
у гэтай макабрычнай каламесе.
Але ты тут, на шчасьце, не адзін.

Бяры маёй любові сухпаёк.
Калі зьбярэсься выйсьці за парог –
дасьць сілы у змаганьнях са зьняверай,
са страхам і ягонаю ардой.
Твой карабель бязь ветразяў пакуль,
але ў карме ўжо ёсьць сьляды ад куль.
Не адступай. Віруе звонку цемра.
У добры шлях, мой капітане. Я з табой.

Паэт Сяргей Прылуцкі з сынам і жонкай

Другі ліст Адаму

арагі, і цябе, і мяне пыталі:
«Хто ты, што і навошта?». Але
і цябе, і мяне любілі і нават кахалі.
З галавой зануралі ў брудныя хвалі
і купалі ў пяшчоты зьнікомым сьвятле.

Што раскажа табе твой настаўнік, сусед,
выхавацелька, прадаўшчыца?
Анічога. Давай, уцякай, уцякай.
У трывожнае шчасьце, хімэрны і ніцы
рай.

Сябрукі твае неўтаймоўныя казік і юзік -
іх бацькі сапсавалі даўно,
бо дагэтуль жывуць у савецкім саюзе.
Бо іначай ня ўмеюць. Няшчасныя людзі.
І прасьвету там не відно.

Абібокам ці працаголікам — што б ні было –
абы ты, дарагі, ані скурвіўся, ані паехаў з глузду.
Лепш трымайся свайго, не трымайся ілюзій.
Помні, збольшага людзі ня людзі,
а банальнае зло.

Многа солі насыпле на хісткі штурвал сэрца,
але ты карабель не спыняй.
Мы тут побач. Можаш заўжды сагрэцца.
У прытулку знаёмым, калі ўжо няма куды дзецца.
Не забывай, дарагі мой, не забывай.

Ступіш ты ў нечы сьлед ці ў лайно — не істотна гэта.
Тое й тое — заўжды добры досьвед. Глядзі,
як далягляд закручвае лёсаў сьпіралі.
Як там пуста, дзе аніколі цябе не чакалі.
Ідзі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба стаць усёй Украінай». Што беларусы перакладаюць з украінскай літаратуры
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Эх, Кабзар, каб ты збудзіўся!». Што і як беларускія пісьменьнікі пісалі пра Ўкраіну