Пра гэта паведаміў прызначаны Расеяй «губэрнатар» анэксанага Севастопаля Міхаіл Разважаеў. Па словах Разважаева, пажар лякалізаваны, але агонь плянуюць патушыць толькі да 18:00.
Плошча пажару складае каля тысячы квадратных мэтраў, яму прысвоены чацьвёрты клас небясьпекі. Паводле Разважаева, ніхто зь людзей не пацярпеў, грамадзянскім аб’ектам пажар не пагражае. Агонь тушаць 18 пажарных разьлікаў. Расспажыўнагляд праводзіць замеры гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі шкодных рэчываў у раёне пажару.
Прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Андрэй Юсаў заявіў «РБК-Украіна», што ў выніку выбуху ў Севастопалі 29 красавіка зьнішчана больш за 10 рэзэрвуараў з нафтапрадуктамі агульнай ёмістасьцю каля 40 тысяч тон. Паводле яго, зьнішчаныя нафтапрадукты прызначаліся для патрэбаў Чарнаморскага флёту РФ.
Раней на гэтым тыдні Разважаеў паведамляў пра напад на Севастопаль надводных бесьпілётнікаў. Тады ніякія абʼекты пашкоджаныя не былі.
Пасьля поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну дроны неаднаразова атакавалі абʼекты ў анэксаваным Крыме і на тэрыторыі Расеі. У лютым 2023 года пасьля ўдару бесьпілётнікамі загарэлася нафтабаза ў Туапсэ, у лістападзе 2022 года дроны атакавалі нафтасховішчы ў Бранскай і ў Арлоўскай абласьцях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады анэксаванага Крыму заявілі пра зьбітую ракету ў небе над Феадосіяй