Удзельнікам велікоднага флэшмобу ў Менску прысудзілі вялізныя штрафы

Царква «Новае жыцьцё», архіўнае фота 2021 году

28 красавіка ў Менску прайшлі суды над 7 эвангельскімі вернікамі, якое нібыта «зьдзейсьнілі адміністрацыйнае правапарушэньне» ўвечары 15 красавіка, паведамляе тэлеграм-канал «Хрысьціянская візія».

Напярэдадні сьвята Вялікадня па юліянскім календары хрысьціянская моладзь з розных эвангельскіх цэркваў прапаведавала на вуліцы Няміга ў цэнтры горада. Вернікі ўзялі вялікі крыж, расказвалі мінакам пра ахвяру Хрыста за грахі людзей, а таксама прапаноўвалі на лістку паперы напісаць свае грахі і сымбалічна прыбіць да крыжа.

Семярых вернікаў, зь іх пяцёра з поўнаэвангельскай царквы «Новае жыцьцё», затрымалі, надзелі на іх кайданкі і адвезьлі ў РУУС. Вернікаў да ночы пратрымалі ў кайданках, а потым адпусьцілі.

28 красавіка адбыліся суды над імі. Як паведамляе тэлеграм-канал царквы «Новае жыцьцё», суд прызначыў для кожнага зь іх пакараньне ў выглядзе амаль максымальна магчымага штрафу, прадугледжанага артыкулам. У сярэднім кожны зь сямі затрыманых павінен заплаціць штраф у памеры 3 500 беларускіх рублёў (100 базавых велічынь).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі пастара царквы «Новае пакаленьне», які дапамагаў людзям з залежнасьцямі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Царкве «Новае жыцьцё» пагражаюць крымінальнай адказнасьцю за малітвы побач з забраным будынкам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Менска патрабуюць ад пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» 180 тысяч даляраў падатку за забраны імі будынак