Беларусы — трэцяя паводле колькасьці група іншаземцаў у Грузіі пасьля расейцаў (62 304) і ўкраінцаў (20 716).
За мінулы год станоўчае міграцыйнае сальда ў Грузіі склала 54 009 чалавек.
Чацьвёртая і пятая міграцыйныя групы ў краіне — грамадзяне Індыі (3948 чалавек) і Турэччыны (3946).
Згодна з грузінскай мэтодыкай падліку, мігрантам лічыцца асоба, якая перасекла мяжу і знаходзілася на тэрыторыі краіны больш за 183 дні цягам апошніх 12 месяцаў.
Усяго на пачатак году ў Грузіі жылі 3 млн 736 тыс. чалавек.
Грузія стала адным з самых папулярных кірункаў масавай эміграцыі беларусаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і наступных палітычных рэпрэсіяў.
Больш за ўсё беларускіх грамадзянаў сёньня жыве ў Польшчы.
Аўтары дасьледаваньня «Беларускія мігранты ў Польшчы і Літве: агульныя тэндэнцыі і параўнальны аналіз 2022 г.» адзначаюць, што летась у лістападзе польскія ўлады ацэньвалі колькасьць беларусаў у краіне ў 100–150 тысяч.
Паводле іншага дасьледаваньня, праведзенага спэцыялістамі інстытуту «Палітычная сфэра», у 2022 годзе ў Польшчы жылі амаль 80 тысяч беларускіх грамадзян, зь іх права на сталае жыхарства мелі 64,7 тысячы. Сталы дазвол на жыхарства меў 30 421 грамадзянін Беларусі, часовы — 28 071, яшчэ 6172 чалавекі легалізаваліся ў краіне на іншых падставах (уцякацтва, міжнародная абарона і інш.). Уладальнікі гуманітарных візаў у дасьледаваньні ня ўлічваліся.
Маніторынг інстытуту «Палітычная сфэра» таксама паказаў, што на канец 2022 году ў Літве жылі 48 804 чалавекі зь беларускім грамадзянствам.