У Менскім гарадзкім судзе з 20 красавіка разглядалася крымінальная справа палітзьняволенага Сяргея Франчука, якога абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369), распальваньні сацыяльнай варожасьці (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ўдзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК).
Справу разглядаў судзьдзя Яўген Пісарэвіч, дзяржабвінаваўца — Раманенка. Ён запрасіў у суду 3 гады калёніі для Франчука. Судзьдзя 27 красавіка вынес такі самы прысуд піша «Вясна».
Сяргей Франчук — стрыечны брат намесьніка камандзіра палку Кастуся Каліноўскага Вадзіма Кабанчука. Вядома, што яго забралі з кватэры бацькоў у Бабруйску, дзе ён жыў апошнім часам — пяць чалавек зь менскага АМАПу ўварваліся ў кватэру, выцялі яго пісталетам па галаве, правялі вобшук, забралі мабільны тэлефон, ноўтбук і самога Франчука.
На судзе Франчука пабываў хрысьціянскі актывіст Сяргей Мельянец, які ў Фэйсбуку расказаў, як праходзіла паседжаньне:
«Міліцыі — пяць штук. Пракурор і сакратар — маладзенькія, адвакат і судзьдзя гадоў 35 у акулярах. Камэр відэаназіраньня на столі сем штук. У клетцы сядзіць хлопец гадоў трыццаці. Чарнавалосы. Худы. Сутулаваты».
Падчас суду былі прадстаўленыя «доказы»:
«Пракурорка дастала нейкія пакеты. У адным — флэшка, у другім — тэлефон, у трэцім кампутар, зь якога зьдзяйсьнялася злачынства — некалькі камэнтароў зь нецэнзурнай ацэнкай некаторых таварышаў з кіраўніцтва краіны. Гэтак жа дастала скрутак зь сінімі джынсамі і майкай — у гэтым адзеньні Сяргей выходзіў на несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы», — піша Мельянец.
Як паведамляе Мельянец, усяго паседжаньне доўжылася хвілін сорак:
«Потым пракурор зачытала абвінавачаньне хвілін на пятнаццаць. І транспарту перашкаджаў, і камэнтары пісаў, у мерапрыемствах, не дабраслаўлёных уладай, удзельнічаў».
Адвакат папрасіў пакараньня без пазбаўленьня волі:
«Адвакат агучыў, што ў Сяргея трэцяя група інваліднасьці. Рабілі апэрацыю на мозгу і патрэбен пастаянны кантроль лекараў. Улічваючы „чыстасардэчнае прызнаньне і раскаяньне“, папрасіў пакараньня без пазбаўленьня волі».
27 красавіка ў 10:00 Сяргею Франчуку абвясьцілі вырак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брату намесьніка камандзіра палку імя Каліноўскага дадалі яшчэ тры артыкулы Крымінальнага кодэксуЗа што судзяць сваякоў каліноўцаў
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома пра ціск на сваякоў намесьніка камандзіра палку Каліноўскага Вадзіма Кабанчука з боку беларускіх сілавікоў.
Першай ахвярай ціску стаў 32-гадовы стрыечны брат Вадзіма Сяргей Франчук. Як паведаміла «Вясьне» маці Вадзіма Таісія Кабанчук, яго забралі з кватэры бацькоў у Бабруйску, дзе ён жыў апошнім часам. 9 жніўня, калі бацькі Сяргея былі на лецішчы, 5 чалавек зь менскага АМАПу ўварваліся ў кватэру, ударылі Сяргея Франчука пісталетам па галаве, правялі ператрус, забралі мабільны тэлефон, ноўтбук і самога Сяргея.
Яму выставілі абвінавачаньне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).
Сілавікі запісалі «пакаяльнае» відэа зь Сяргеем Франчуком, дзе ён кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту 2020 году і пісаў камэнтары ў «экстрэмісцкіх» тэлеграм-чатах. На відэа відаць, што лоб у Сяргея заклеены.
Таксама на допыт у КДБ выклікалі стрыечную сястру Вадзіма Кабанчука з мужам. У іх таксама распытвалі, што яны ведаюць пра Вадзіма.
Многія беларусы з пачатку вайны сталі на абарону Ўкраіны, сфармаваліся полк Каліноўскага і полк «Пагоня», таксама беларусы ваююць у шэрагах УСУ. Па падліках штабу Ціханоўскай, на баку Ўкраіны ваююць каля 1500 беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Полк Каліноўскага: не валодаем інфармацыяй, што да нашых сваякоў прыходзілі сілавікі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік камандзіра палка Каліноўскага Кабанчук: рыхтуем вызвольны паход на Менск