Сьцісла:
- Беларуская АЭС можа стаць героем мультфільму пра атамнікаў кшталту сэрыялу пра Гомэра Сымпсана.
- Электрычнасьць у Беларусі пасьля ўводу першага энэргаблёку АЭС падаражэла.
- Нідзе ў сьвеце атамная энэргетыка ня стала канкурэнтаздольнай у параўнаньні са звычайнай энэргетыкай.
— Чаму на Беларускай АЭС даволі часта адбываюцца розныя інцыдэнты, адзначаюцца істотныя непаладкі? Як можна ацаніць бясьпеку Беларускай АЭС?
— Недарэчна гаварыць пра бясьпеку таго, што паводле вызначэньня зьяўляецца небясьпечным. Варта гаварыць толькі пра небясьпеку АЭС, бо афіцыйна гэты аб’ект адносіцца да катэгорыі «ядзерных і радыяцыйна небясьпечных».
Можна канстатаваць, што паводле эканамічных паказьнікаў, паводле вырабленай электраэнэргіі першы энэргаблёк Беларускай АЭС уваходзіць у лік найгоршых у сьвеце. Гэта афіцыйныя дадзеныя, апублікаваныя МАГАТЭ. Каэфіцыент выкарыстаньня вызначанай магутнасьці (колькі гадзін з магчымага часу працаваў блёк) складае каля 50 працэнтаў.
І гэта сьведчыць пра ненадзейнасьць таго аб’екта, які «Росатом» пабудаваў на тэрыторыі Беларусі. З чым гэта зьвязана, вельмі цяжка дакладна адказаць, паколькі беларускія ўлады зрабілі ўсё магчымае, каб атамная галіна была максымальна закрытая ад грамадзкага кантролю.
Тлумачэньне, магчыма, хаваецца ў трох радках дакладу літоўскай выведкі, якая паведаміла, што на першым блёку былі выяўленыя праблемы працечкі парагенэратара. Гэта было год таму, а сёлета літоўская выведка паведаміла, што праблемы ёсьць у зварных злучэньнях канструкцыі ўмацаваньня корпусу рэактара. І гэта вельмі сур’ёзна, бо менавіта гэтыя канструкцыі забясьпечваюць вэртыкальнасьць корпусу рэактара, і невялікі нахіл можа прывесьці да самых сур’ёзных наступстваў.
Мы вымушаныя абапірацца менавіта на гэтую інфармацыю, бо сёньня дыялёг зь беларускімі атамшчыкамі немагчымы. Расейскія атамшчыкі таксама цалкам не жадаюць ісьці на дыялёг. Нагадаю, што першае сур’ёзнае прыпыненьне працы рэактара было зьвязанае з пажарам на імпартным трансфарматары — дапаможнае абсталяваньне, безь якога, аднак, энэргаблёк непрацаздольны. І калі я спрабаваў задаць пытаньні расейскаму «Росатому» — адказу не было.
Таксама нагадаю, што беларускія кібэрпартызаны здабылі дакумэнт, у якім зафіксаваныя дзясяткі тысяч недаробак падчас пабудовы Беларускай АЭС. Большасьць зь іх дробныя, але былі і дастаткова сур’ёзныя. Усе гэтыя недаробкі былі выстаўленыя беларускім бокам расейскай кампаніі «Атомстройэкспорт», якая павінна была іх ліквідаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сымбалічны жэст, які паказвае васальную залежнасьць Беларусі». Фізык-атамнік Ажароўскі пра разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі. ВІДЭА— Чым бы вы патлумачылі ўсе гэтыя недаробкі і недахопы? Гэта нейкая асаблівасьць самога расейскага праекту — ці проста абыякавасьць расейскіх будаўнікоў?
— Я б ня стаў гаварыць, што іншыя праекты нашмат лепшыя. Калі паглядзець, напрыклад, на францускі праект, які запускаюць у Фінляндыі, у іх прыблізна такі ж стан — недаробкі, спазьненьне прыблізна на 10 гадоў. У Беларусі спазьненьне з запускам прыблізна на 5 гадоў.
Беларуская АЭС можа стаць героем мультфільму пра атамшчыкаў з сэрыялу пра Гомэра Сымпсана. Бо адзін рэактар уранілі і пашкодзілі, іншы ўдарылі аб слуп пры транспартаваньні. Былі паведамленьні пра няправільную заліўку бэтону і гэтак далей.
Тут, хутчэй, агульная недысцыплінаванасьць і адсутнасьць кантролю з боку адпаведных органаў. Я нагадаю, што Беларуская АЭС — безумоўна, палітычны аб’ект, і беларускія кантрольныя органы не маглі на поўную моц выконваць свае абавязкі і сачыць за «Росатомом». І гэтая сытуацыя — адсутнасьць грамадзкага кантролю і адсутнасьць кантролю з боку замоўніка, Міністэрства энэргетыкі Беларусі — і стварыла ўмовы для ўсіх гэтых недаробак.
Любая атамная станцыя небясьпечная ў тым ліку і таму, што вырабляе радыеактыўныя адкіды, зь якімі незразумела, што рабіць. І для Беларусі зараз на поўную моц паўстала пытаньне — куды падзець гэтыя адкіды, як знайсьці таго, хто іх прыме ў сябе.
Таксама важнае пытаньне — гэта дарагоўля электрычнасьці, вырабленай на АЭС. Трэба адзначыць, што электрычнасьць у Беларусі падаражэла пасьля ўводу першага энэргаблёку АЭС. І гэта адбылося яшчэ да таго, як Беларусь пачала выплаты па крэдытах, і з улікам таго, што другі блёк усё яшчэ афіцыйна не пачаў працу. І калі дапусьціць, што Беларусь будзе выплачваць крэдыт, узяты на пабудову АЭС (а гэта не заўсёды бывае), то цана на электраэнэргію яшчэ больш падвысіцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАГАТЭ: у 2022 годзе БелАЭС прастойвала больш за палову часу— Значыць, эканамічны бок праекту Беларускай АЭС вы таксама ацэньваеце пэсымістычна?
— З эканамічнага гледзішча любая АЭС ацэньваецца пэсымістычна. Нідзе ў сьвеце атамная энэргетыка ня стала канкурэнтаздольнай у параўнаньні са звычайнай энэргетыкай. Калі б атамная энэргія была недарагая, сьвет бы на 90 працэнтаў атрымліваў электрычнасьць на АЭС, і наплявалі б на эколягаў. Але атамная энэргетыка — вельмі дарагая рэч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарнобыльскі Пілат ці ахвяра сыстэмы? Кім насамрэч быў кіраўнік БССР Мікалай Сьлюнькоў— А як на сёньня ў цэлым выглядае стаўленьне да атамнай энэргетыкі ў сьвеце? Ёсьць краіны, якія цалкам ад яе адмаўляюцца, але іншыя — напрыклад, Польшча — заяўляюць пра праекты пабудовы новых АЭС.
— Трэба ацэньваць тэндэнцыю ў цэлым. Найбуйнейшая эканоміка ў Эўропе, Нямеччына, закрыла ўсе свае АЭС. А вось Польшча ўспомніла пра адзін стары праект і плянуе яго ажыцьцявіць. Я скажу, што ня бачу вялікіх пэрспэктываў у гэтым праекце. Размова ідзе пра маламоцныя рэактары, праекты, якія нідзе яшчэ не былі рэалізаваныя. Няма досьведу іхнай эксплюатацыі, ніхто ня ведае іхных эканамічных паказьнікаў.
Я добра памятаю, калі папярэдні раз — на пачатку 2000-х — сусьветная атамная энэргетыка гаварыла пра свой рэнэсанс (якога так і ня здарылася), то тады атамшчыкі казалі, што праблема ў малых рэактарах. Маўляў, зробім іх большымі і выйдзем на эканамічную рэнтабэльнасьць. Што яны кажуць цяпер? «Давайце замест аднаго вялікага рэактара на 1200 ці 1600 мэгават пабудуем 10 ці 20 малых рэактараў». Дык калі яны хлусяць — тады ці цяпер?
Таму мне падаецца, што мы маем справу з рэклямай і піярам, якія прасоўвае атамная прамысловасьць у розных краінах. Для Польшчы я б хацеў нагадаць гісторыю суседняй Літвы. Літва здолела зачыніць сваю Ігналінскую АЭС і адмовіцца ад атамнай энэргетыкі. У Літве было пазытыўнае стаўленьне да атамнай энэргетыкі, бо гэтая АЭС дапамагла перажыць энэргетычную блякаду з боку Расеі, там ніколі не было нейкіх сур’ёзных аварыяў.
Дык вось, у Літве рашэньне наконт таго, ці будаваць новы рэактар, было прынята на ўсенародным рэфэрэндуме. Літоўцы прагаласавалі супраць. Спадзяюся, што Польшча не адступіць ад стандартаў дэмакратыі. І калі палякі стануць адзінай нацыяй у сьвеце, якая на рэфэрэндуме скажа «так» ядзернай энэргетыцы — то гэта будзе іхны выбар. Магу нагадаць, што ў Польшчы былі мясцовыя рэфэрэндумы, на якіх людзі прагаласавалі супраць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна як працяг катастрофы. Чаму Чарнобыль — гэта СССР, а СССР — гэта Чарнобыль— Сёньня гадавіна катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Чарнобыльская тэма была вельмі важная для беларускага і расейскага грамадзтва, але за апошнія гады яна неяк згасла, заціхла. Ці гэта абʼектыўны працэс, зьвязаны з часам, ці недэмакратычныя ўлады ў гэтых краінах прыклалі руку да замоўчваньня чарнобыльскай тэмы?
— Калі гаварыць пра Расею, то ў нас улады прыкладаюць намаганьні, каб любая самаарганізацыя грамадзтва была на самым нізкім узроўні. Але, паверце, 26 красавіка на могілках у розных гарадах Расеі будзе вельмі шмат людзей: гэта сваякі і сябры тых, хто загінуў. У многіх гарадах ёсьць помнікі, прысьвечаныя ахвярам Чарнобылю.
Для мяне крытэрый значнасьці Чарнобылю — гэта справаздачы маскоўскіх уладаў наконт таго, колькі тонаў радыеактыўнай прадукцыі адбіраецца на рынках Масквы. Гэта чарніцы і журавіны, забруджаныя цэзіем — тое, з чым мы сутыкаемся кожны год.
Што ўжо гаварыць пра Беларусь, дзе па-ранейшаму дзясяткі паселішчаў, у якіх забаронена знаходзіцца. Скарачэньне іх колькасьці адбываецца даволі цікава: калі там ніхто не жыве, то гэтае паселішча выкрэсьліваецца са сьпісу, і сьпіс такім чынам скарачаецца. Плямы цэзію і стронцыю нікуды не падзеліся, плютоній і амэрыцый будуць станавіць небясьпеку яшчэ стагодзьдзі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў гадавіну аварыі на ЧАЭС асудзіла пляны разьмясьціць у Беларусі ядзерную зброю: «74% беларусаў супраць»