Хроніка перасьледу 26 красавіка: вядомы шоўмэн Мікіта Найдзёнаў — у СІЗА па «народным» артыкуле

Мікіта Найдзёнаў, архіўнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Праваабаронцы «Вясны» атрымалі інфармацыю, што ўжо як мінімум месяц у СІЗА Жодзіна знаходзіцца вядомы беларускі паэт, музыка і шоўмэн Мікіта Найдзёнаў. Папярэдне, яму інкрымінаваны «народны» артыкул 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі — за ўдзел у пасьлявыбарных пратэстах.

Мікіта Найдзёнаў — былы фронтмэн гурту Hurma, аўтар шэрагу песень для розных сьпевакоў. У 2015-м стаў уладальнікам прэміі «Залаты апостраф» у намінацыі «Дэбют» за найлепшую публікацыю вершаў у часопісе «Дзеяслоў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэмію «Залаты апостраф» атрымалі Дубавец, Сільнова і Найдзёнаў

Сілавікі паклалі беларуса тварам у асфальт за цацку са сьцяжком Украіны ў ягоным аўтамабілі

У Беларусі затрымалі кіроўцу, які паставіў на прыборную панэль свайго аўтамабіля цацку зь мініятурным сьцягам Украіны і гербам «Пагоня». Пра гэта паведамле Zerkalo з спаслыкай на апублікаванае відэа з аўтаўладальнікам на тэлеграм-канале сілавікоў.

У роліку відаць, як сілавікі паклалі кіроўцу «тварам у асфальт» і зашпілілі за сьпінай кайданкі. У «пакаянным» відэа мужчына, сьціскаючы ў руцэ тую самую цацку з прыборнай панэлі, расказаў аб прычынах свайго затрыманьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка пераследу: Герасіменю і Апейкіна дадалі ў «сьпіс экстрэмістаў»; мастаку Генадзю Драздову прад’явілі новае абвінавачаньне