Як КДБ бярэ польскіх закладнікаў, а Варшава прыцягвае беларускія мазгі. Расказвае польскі журналіст

Іван Тэртэль

Грамадзяніна Польшчы Ежы Жывалеўскага асудзілі ў Беларусі на 4 гады пазбаўленьня волі за «агентурную дзейнасьць». Ён сапраўдны шпіён, ці арышт польскага грамадзяніна — гэта помста Варшаве?

Журналіст польскай газэты «Rzeczpospolita» Руслан Шошын перакананы, што верыць органам Аляксандра Лукашэнкі нельга і што сёньня кожны замежнік можа стаць закладнікам. Ён зьвяртае ўвагу, што на старонцы польскага МЗС ужо даўно ёсьць абвестка, у якой польскім грамадзянам ня раяць ехаць у Беларусь, бо такія падарожжы небясьпечныя і могуць скончыцца вельмі дрэнна.

«Там няма ніякага правасудзьдзя, таму вельмі складана гаварыць пра гэтыя абвінавачаньні. У Беларусі таксама могуць быць складанасьці з консульскай дапамогай замежніку. Такія ж парады ўлады даюць тым, хто хоча ехаць у Афганістан або Сырыю. Бо чалавека могуць затрымаць па надуманых абвінавачаньнях і выставіць пасьля ўмовы Варшаве. Гэта могуць быць розныя патрабаваньні ўзамен за вызваленьне чалавека. То бок, па сутнасьці, такі затрыманы — гэта проста закладнік. Тое самае робіць, напрыклад, „Ісламская дзяржава“», — кажа Руслан Шошын.

Вядома, што асуджаны — гэта ўраджэнец Беластоцкага павету Падляскага ваяводзтва, якое мяжуе зь Беларусьсю. Ён жанаты зь беларускай. Але дэталі гэтай справы не прыводзяцца.

У Крымінальным кодэксе пад «агентурнай дзейнасьцю» разумеецца «супрацоўніцтва замежнага грамадзяніна або асобы без грамадзянства са спэцслужбай, органам бясьпекі або выведным органам замежнай дзяржавы, міжнароднай або замежнай арганізацыяй». Шошын лічыць, што ў агентурнай дзейнасьці паводле такой фармулёўкі можна абвінаваціць практычна любога, хто меў дачыненьне да сотняў ліквідаваных арганізацый у Беларусі за апошнія 2 гады.

«Тым больш што плынь замежнікаў у Беларусь сёньня вельмі малая. Адпаведна, любы прыежджы — гэта выдатная нагода, асабліва ў выпадку з грамадзянамі Польшчы. Яны вельмі лёгка могуць стаць закладнікамі. І я думаю, што ў беларускіх турмах ёсьць такія людзі. Проста не пра ўсіх мы ведаем. Тэртэль нядаўна казаў пра „абменны фонд“ грамадзян Польшчы, якіх затрымалі за шпіянаж. І вось гэты „фонд“ можна павялічваць», — лічыць Шошын.

4 красавіка старшыня КДБ Іван Тэртэль заявіў дзяржаўным СМІ: «Намі затрымана некаторая колькасьць грамадзян Польшчы пры ажыцьцяўленьні актыўных апэрацый па агентурнай сувязі на нашай тэрыторыі. Затрыманыя здраднікі, зь якімі яны працавалі на нашай тэрыторыі».

Таксама чыноўнік заявіў пра затрыманьне з гэтай жа прычыны грамадзян краін Балтыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзяніна Польшчы Жывалеўскага асудзілі ў Беларусі на 4 гады пазбаўленьня волі за «агентурную дзейнасьць»

На наступны дзень Міністэрства замежных спраў Літвы заявіла, што яму не вядома пра затрыманьне нейкіх літоўскіх грамадзян у кантэксьце заяў кіраўніка беларускай спэцслужбы.

6 красавіка сьпікер МЗС Латвіі Дыяна Эгліце паведаміла, што грамадзяніну гэтай краіны, затрыманаму ў сакавіку 2022 году ў Беларусі, беспадстаўна выставілі абвінавачаньні ў шпіянажы.