Былы вязень расказаў праваабаронцам пра зьбіццё ў СІЗА-1 Менска падчас праверак: «Калі адказ не падабаўся, то білі»

Сіза № 1 ў Менску на вуліцы Валадарскага. Архіўнае фота

Да праваабаронцаў «Вясны» зьвярнуўся былы вязень «Валадаркі», які стаў сьведкам узмоцненай праверкі ў сьледчым ізалятары з жорсткімі ператрусамі ў камэрах і біцьцём зьняволеных.

Гэта пацьвердзіў яшчэ адзін былы вязень. Адбылося здарэньне сёлета на пачатку сакавіка. Раней такая практыка не выкарыстоўвалася ў СІЗА-1, адзначаюць праваабаронцы «Вясны».

Паводле былога вязьня, 1 сакавіка ў некаторых камэрах СІЗА-1 прайшлі ператрусы («шмоны») «ў пошуках забароненых рэчаў». Іх праводзілі людзі ў чорных балаклавах без апазнавальных знакаў. Паводле яшчэ аднаго былога вязьня, было каля чатырох супрацоўнікаў, імаверна, АМАПу. Камандаваў гэтым усім маёр Уладзімер Рабецкі, асобай якога, паводле слоў былога вязьня, увесь час усіх палохаюць, але самога Рубецкага пабачылі толькі падчас гэтай праверкі.

«„Шмон“ пачаўся з залёту ў камэру некалькіх чалавек у чорных балаклавах — толькі адтуліны для вачэй былі, і больш нічога. Яны былі без апазнавальных знакаў і без званьняў».

Паведамляецца, што пры гэтым зьняволеных білі.

«Білі тых, хто аказаўся бліжэй да супрацоўнікаў. Крычалі, каб мы апусьцілі галовы ўніз і не глядзелі на іх, абражалі нецэнзурнай лаянкай. Потым загадалі хутка ўзяць рэчы і бягом па адным бегчы на прадол (калідор). Калі беглі, то нам таксама адвешвалі кухталёў. На прадоле загадалі стаць тварам да сьцяны, апусьціць галовы ўніз і не глядзець па баках. Калі бачылі, што наскі былі прыціснуты не ўшчыльную да сьцяны, то білі па сьпіне. Пакуль надглядалі вязьняў, аднаго зь іх білі галавой аб сьцяну».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сын зьняволенага мытніка Куляшова расказаў, як яго катавалі і пагражалі яму ў КДБ пасьля арышту бацькі

Пасьля гэтага, як расказвае былы вязень, іх заводзілі ў асобны пакой, дзе праводзілі асабістыя надгляды і надгляды рэчаў.

«На ўсе пытаньні трэба было адказваць: „Да, гражданин начальник“. Калі адказ не падабаўся, то білі. На „шмоне“ пазабіралі рэчы на склад — некаторым не было нават у чым хадзіць на шпацыр».

Паводле былога вязьня СІЗА-1, трымалі ўсіх тварамі да сьцяны на калідоры ізалятара каля дзьвюх гадзін.

«Потым па адным пад крыкі заганялі назад у камэру. Зайшлі і пытаюцца: „Есть ли жалобы на обыск?“ Мы хорам адказваем: „Нет, гражданин начальник“. А куды скардзіцца? Начальніку УДВП ці ў пракуратуру? Усё адно і тое — ніхто не будзе разьбірацца».

Раней, як адзначае былы зьняволены, такіх ператрусаў са зьбіцьцём не было. Гэта яму пацьвердзілі вязьні, якія ўжо працяглы час утрымліваюцца ў СІЗА. Паводле яго, афіцыйна шукалі лёзы — станкі для галеньня. На загад Рабецкага раней у вязьняў СІЗА-1 іх забралі «ў мэтах прадухіленьня суіцыдаў».

«Іх потым выдавалі раніцай да 8:00, каб пагаліцца, а астатні час яны віселі каля дзьвярэй звонку камэры. Але праблема тут у тым, што калі прасілі станкі, то маглі даць ня твой, а ў СІЗА ёсьць людзі зь ВІЧ і гепатытам. Людзі баяцца карыстацца станкамі, бо невядома, хто імі карыстаўся».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурорка папрасіла 10 год турмы Пратасевічу, Пуцілу і Рудзіку — яшчэ больш, але завочна
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Валянтэр Ільля Міронаў паскардзіўся ў пракуратуру на разгром сваёй кватэры сілавікамі