Расейскія інвэстары скардзяцца на нявыплату па беларускіх эўрааблігацыях

Беларускія і расейскія рублі

Расейскія інвэстары скардзяцца на тое, што ня могуць другі месяц атрымаць выплаты за пагашэньне беларускіх эўрааблігацый.

Як паведамляе расейская дзелавая газэта «Ведомости», ініцыятыўная група трымальнікаў аблігацый ужо зьвярталася са скаргамі ў Банк Расеі, а цяпер напісала ў беларускае Міністэрства фінансаў.

Міністэрства фінансаў Беларусі аб’явіла аб пагашэньні выпуску эўрааблігацый аб’ёмам у 800 млн даляраў 28 лютага. Выплаты зрабілі ў беларускіх рублях. Таксама аплацілі купон па гэтым выпуску і даходы яшчэ па трох выпусках на 57,2 млн даляраў.

У расейскіх ведамствах выданьне запэўнілі, што спэцыялісты расейскага Цэнтрабанку разам зь беларускімі калегамі абмяркоўваюць мэханізмы выкананьня абавязаньняў перад расейскімі інвэстарамі.

У пачатку сакавіка газэта «Коммерсантъ» ужо пісала пра тое, што расейскія трымальнікі беларускіх эўрабондаў ня могуць атрымаць выплаты. Паводле ацэнкі выданьня, яны валодалі аблігацыямі на 500 млн даляраў. Газэта пісала, што праблема зьвязана з рэестрамі канчатковых трымальнікаў аблігацый. Мінфін Беларусі ня мае іх у поўным аб’ёме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Плян па штрафах» у Менску перавыканалі ў тры разы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразійскі банк разьвіцьця: Рост эканомікі Беларусі працягвае стрымліваць слабая дынаміка ў будаўніцтве, транспарце і IT-сэктары