Латвійскія памежнікі чакаюць павелічэньня патоку мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у Латвію з боку Беларусі. Пра гэта заявіў начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Гунтыс Пуятс.
«Сытуацыя для нас застаецца напружанай», — перадае ягоныя словы Delfi.
Пуятс адзначыў, што цяпер сытуацыя ў Латвіі спакайнейшая, чым у Польшчы, але больш напружаная, чым у Літве. Прырост колькасьці спроб парушэньняў мяжы ў цёплую пару году ён растлумачыў тым, што ўлетку можна даўжэй заставацца пад адкрытым небам і мяжу перайсьці становіцца лягчэй. Пуятс таксама паўтарыў свае прэтэнзіі да беларускіх памежнікаў.
«Яны наносяць пашкоджаньні пастаяннай агароджы. Рэжуць і ламаюць. Беларускія службы наносяць шкоду латвійскай інфраструктуры, каб выштурхнуць нелегалаў у Латвію», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія рыхтуецца да пабудовы другой чаргі агароджы на мяжы зь БеларусьсюПаводле яго, латвійскія памежнікі ў асобных выпадках прапускаюць мігрантаў, а не выдвараюць іх. Размова ідзе пра непаўналетніх, хворых людзей, а таксама цяжарных жанчын. Гэта робіцца з гуманітарных меркаваньняў.
Улады ў Менску рэгулярна абвінавачваюць улады суседніх краін Эўразьвязу ў кепскім абыходжаньні зь мігрантамі і адкрыта называюць іх вінаватымі ў дзясятках сьмерцяў на памежжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Латвіі пацьвердзілі затрыманьне свайго грамадзяніна ў Беларусі праз падазрэньне ў шпіянажы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саэйма Латвіі забараніла сьвяткаваць у краіне 9 траўня