Хроніка перасьледу 24 красавіка: затрымалі экс-футбаліста «Крумкачоў»; яшчэ 15 сутак навукоўцу з Полацку

Сілавікі. Архіўнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьне футбаліста «Крумкачоў» Аляксандра Яцкевіча і зазначаюць, што ён, пэўна, папаўся на фэйкавую рассылку ад імя ByPol .

38-гадовы Аляксандар Яцкевіч правёў каля 300 матчаў у беларускай вышэйшай лізе. З 2019 па 2022 год гуляў за клюб «Крумкачы», быў капітанам каманды, піша «Наша Ніва». Месяц таму Яцкевіч скончыў кар’еру і сышоў з футбола.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 23 красавіка: у Навалукамлі адправілі пад арышт пратэстанцкага пастара; затрымалі музыку і студэнтаў БДУ

Супрацоўніку Полацкага гісторыка-культурнага запаведніку Ігару Бортніку дадалі 15 дзён арышту

Паводле папярэдняй інфармацыі, Ігару інкрымінавалі арт. 19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») за «экстрэмісцкія» падпіскі на YouTube.

Бортніка затрымалі 29-30 сакавіка, калі падчас затрыманьняў супрацоўнікаў гісторыка-культурнага запаведніка. Пазьней яму прысудзілі 10 і 13 дзён арышту.

Падчас адбыцьця арышту ў Ігара забралі 300 рублёў у якасьці кампэнсацыі за данат на фэйсбуку. Акрамя гэтага, цяпер ён праходзіць рэабілітацыю пасьля няўдалай апэрацыі па выдаленьні міжхрыбеткавай грыжы. Ад моцных боляў у сьпіне ён ня спаў каля 40 гадзінаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурор запатрабаваў узмацніць пакараньне расейцу Маскалёву, якога раней выслалі зь Беларусі