Стварэньне новага экзархату Канстантынопальскага патрыярхату ў Літве — гэта задзел на пэрспэктыву, заявіў намесьнік кіраўніка Сусьветнага расейскага народнага сабору і рэктар Расейскага праваслаўнага ўнівэрсытэту Аляксандар Шчыпкоў у эфіры тэлеканалу «Расія 24», піша zerkalo. io.
«Яны (у Канстантынопалі — рэд.) гэты экзархат называюць і Прыбалтыйскім, і Беларускім, і Расейскім, і Ўкраінскім. Яны хочуць гэтую ліпавую структуру аформіць так, быццам яе юрысдыкцыя распаўсюджваецца на ўсю кананічную тэрыторыю Расейскай праваслаўнай царквы», — сказаў Шчыпкоў.
Ён таксама пракамэнтаваў пераход двух сьвятароў Беларускага экзархату РПЦ у канстантынопальскую юрысдыкцыю. На думку Шчыпкова, гэтыя людзі раней былі «аблашчаныя ў Маскве». Таксама ён назваў іх «нацыкамі» і падкрэсьліў, што матывы пераходу зьвязаныя з палітыкай.
Беларускія сьвятары протаіерэй Георгій Рой і іерэй Аляксандар Кухта з прычыны рэпрэсій зьехалі зь Беларусі і перайшлі ў Сусьветны патрыярхат — гэта значыць пад юрысдыкцыю Канстантынопалю. Пасьля гэтага Беларускі экзархат забараніў іх у служэньні (так называецца забарона праводзіць службы на пэўнай кананічнай тэрыторыі).
У інтэрвію Радыё Свабода айцец Георгій Рой, які ў свой час быў настаяцелем катэдральнага праваслаўнага сабору ў Горадні падчас кіраваньня там архіепіскапа Арцемія, расказаў пра прычыны свайго ад’езду ў Літву:
«Рашэньне было цяжкім і для мяне, і для маёй сям’і. Самае галоўнае — гэта адчуваньне несвабоды. Для мяне як чалавека і хрысьціяніна свабода — адзін з найвялікшых дароў Божых. Мне было складана жыць у атмасфэры, калі я не магу свабодна гаварыць, не магу рабіць тое, што павінен. Мне было вельмі балюча бачыць, што мае дзеці з малых гадоў убіраюць у сябе гэтую атмасфэру несвабоды. Ёсьць яшчэ мноства іншых, драбнейшых прычын. Але галоўнае — гэта несвабода ў грамадзкім жыцьці і царкоўным. Як сьвятар паводле сэнсу эвангельскага вучэньня, я ня мог згаджацца з вайной. Але табе затыкаюць рот — як у царкве, так і з боку чынавенства».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр архіяпіскап Горадзенскі Арцемі. У 2020-м ён публічна асудзіў гвалт сілавікоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У мяне ўжо была алергія на слова „духоўнасьць“». Вялікая гутарка са сьвятаром Георгіем Роем ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Протадыякан менскага сабору пайшоў добраахвотнікам на вайну супраць Украіны. Яго на гэта дабраславіў мітрапаліт Веньямін.Пераход сьвятароў з РПЦ ва Ўсясьветны патрыярхат. Што гэта значыць
Два беларускія праваслаўныя сьвятары перайшлі зь Беларускай праваслаўнай царквы, якая падпарадкоўваецца Маскоўскаму патрыярхату, у Канстантынопальскі (Усясьветны) патрыярхат. Гэта зрабілі Аляксандар Кухта і Георгі Рой.
Пераход з адной юрысдыкцыі ў іншую, напрыклад пры зьмене месца жыхарства, — звычайная практыка, і для яе распрацавана кананічная працэдура, якая дазваляе пазьбягаць злоўжываньняў: сьвятар просіць у свайго япіскапа дакумэнт, «адпускную грамату», якая пацьвярджае, што сьвятар не знаходзіцца пад кананічнымі пакараньнямі, да яго няма прэтэнзій з боку ранейшага кіраўніцтва.
На падставе гэтай адпускной граматы сьвятара прымае новы архірэй. У РПЦ пры пераходзе ў іншую памесную царкву патрабуецца рашэньне Сыноду, нават экзарх БПЦ МП такога рашэньня прыняць ня можа, пісала «Хрысьціянская візія».
Аднак беларускія сьвятары Кухта і Рой не маглі заставацца ў Беларусі, бо ім пагражала небясьпека з боку цывільных уладаў. Крок зьмены царкоўнай юрысдыкцыі ў іхным выпадку быў маральна вымушаны. Кіраўніцтва РПЦ падтрымала вайну, і для некаторых сьвятароў гэта з маральных прычын не дае магчымасьці заставацца ў юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату і асацыяваць сябе зь ім.
Акрамя таго, Маскоўскі патрыярхат знаходзіцца ў зацяжным канфлікце з Усясьветным патрыярхатам. Раней Масква спыніла эўхарыстычныя зносіны з Канстантынопалем, таму ў рамках звычайнай працэдуры перайсьці з адной юрысдыкцыі ў другую ў гэты момант немагчыма.
Усясьветны патрыярхат — першы сярод роўных у структуры памесных праваслаўных цэркваў, ён выступае як найвышэйшая апэляцыйная інстанцыя, таму ў выключных выпадках можа скарыстацца правам прымаць сьвятароў у сваю юрысдыкцыю без адпускной граматы. Гэтак адбылося з айцамі Кухтам і Роем.
РПЦ лічыць незаконнай любую зьмену юрысдыкцыі без захаваньня фармальнай працэдуры. Таму выдала ўказы аб забароне Рою і Кухту ў служэньні.
Але для Канстантынопаля і ўсіх памесных цэркваў, апрача РПЦ, яны дзейныя сьвятары. Усясьветны патрыярхат афіцыйна прыняў іх 6 красавіка 2023 году, і цяпер яны знаходзяцца ў прамым падпарадкаваньні патрыярха Канстантынопальскага Варфаламея.