Bloomberg: Індыя прыпыніла закупкі расейскага ўзбраеньня

Пастаўкі расейскага ўзбраеньня ў Індыю перапыненыя з прычыны няздольнасьці двух бакоў дамовіцца аб спосабах аплаты, паведамляе Bloomberg са спасылкай на індыйскіх чыноўнікаў, знаёмых з пытаньнем.

Пастаўкі спыніліся праз адмову Дэлі расплочвацца за расейскую зброю далярамі, паколькі гэта можа прывесьці да ўвядзеньня другасных санкцый супраць Індыі. Размова ідзе пра кантракты на два мільярды даляраў і пра расейскія крэдыты ў 10 мільярдаў даляраў, якія павінны пайсьці на закупку Індыяй запчастак і дзьвюх зэнітна-ракетных установак С-400. Пастаўкі, паводле інфармацыі Bloomberg, замарожаныя ўжо год.

Перамовы аб выкарыстаньні іншых валют ні да чаго не прывялі. Масква адмаўляецца прымаць індыйскія рупіі з прычыны нестабільнасьці курса гэтай валюты. Індыя ня хоча зьдзяйсьняць пагадненьне ў рублях, баючыся, што ў такім выпадку яна ня зможа набыць узбраеньне па рэальных рынкавых коштах.

Сярод варыянтаў, якія абмяркоўваліся, былі таксама эўра і дырхам, аднак выкарыстаньне гэтых валют для аплаты зброі можа выклікаць пільную ўвагу з боку ЗША і будзе нявыгадна Індыі з прычыны неспрыяльнага валютнага курсу. Ідэя расплаціцца за зброю індыйскімі таварамі цяжка рэалізуецца: расейскі экспарт у Індыю значна перавышае імпарт адтуль.

Адсутнасьць паставак камплектуючых і запасных частак уяўляе асаблівую праблему для Індыі, на ўзбраеньні якой знаходзяцца больш за 250 зьнішчальнікаў СУ-30, больш за 1200 танкаў Т-90 і сем субмарын расейскай вытворчасьці. Па словах індыйскіх прадстаўнікоў, яны не ўпэўненыя ў здольнасьці Расеі працягваць рэгулярнае тэхнічнае абслугоўваньне баявой тэхнікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь засталася ў дваццатцы экспартэраў зброі, нягледзячы на скарачэньне паставак
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто ў сьвеце лідэр у продажы зброі і хто яе купляе. Высновы глябальнага рэйтынгу