Хворай жанчыне, якую абвінавацілі ў «экстрэмізьме» за «лайк», які паставіў яе муж, далі тры дні арышту

Значок «дызлайк» у сацыяльных сетках

21 красавіка адзін з раённых судоў Беларусі разглядзеў адміністрацыйную справу па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў) у дачыненьні да жыхаркі вёскі. Суд пакараў яе за адзін «лайк» «экстрэмісцкай старонцы» трыма суткамі арышту і канфіскацыяй тэлефона.

Трое сутак жанчына ўжо адбыла ў ізалятары часовага ўтрыманьня пасьля затрыманьня міліцыяй 28 сакавіка. Жыхарка вёскі Ірына (імя зьмененае. — РС) даглядала ляжачага чалавека з дэмэнцыяй. Пасьля таго як міліцыя забрала яе ў ізалятар за «лайк», чалавека з інваліднасьцю перавезьлі ў раённы шпіталь.

Ірына сьцьвярджала ў міліцыі і судзе, што ня ставіла аніякіх «лайкаў». Гэта мог зрабіць яе муж, цяпер нябожчык. Бо ён цікавіўся палітыкай і сядзеў у сацыяльных сетках зь яе тэлефоннага апарата. Але сьледчы заявіў Ірыне: «Будзеце адказваць за мужа!».

Ірына мае шэраг цяжкіх хвароб і перажыла зьдзекі ў ізалятары. Ёй, якая мае поліартрыт і праблемы з плечавымі суставамі, зашчаплялі кайданкі ззаду. У Ірыны бранхіяльная астма, яна задыхаецца, але сядзела ў камэры з жанчынамі, якія курылі. Ёй не давалі спаць уночы, будзілі, не давалі ані матраца, ані пасьцельнай бялізны ці перадач. Усё гэта канвойныя абгрунтоўвалі тым, што «Вы — БЧБ, вам нічога не паложана!».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сьледчы сказаў: „Будзеце адказваць за мужа“». Падрабязнасьці затрыманьня хворай жанчыны ў Гомельскай вобласьці