Аляксандар Зайцаў, блізкі да Віктара Лукашэнкі, выбудоўвае вялізныя кампаніі, афармляючы іх, у тым ліку, на служнікаў царквы.
Зайцаў стаў першым у гісторыі Беларусі кавалерам ордэну Сьвятога Рыгора Вялікага. Гэта найвышэйшая ўзнагарода для парафіян, якою ўганароўвае папа Рымскі.
Пра тое, чым можна заслужыць такі гонар ад Ватыкану, як зьмешваюцца інтарэсы касьцёлу і асабістая выгада некаторых сьвятых айцоў і як за ўсё гэта даплочваюць беларускія падаткаплатнікі — у новым расьсьледаваньні БРЦ.
Цырымонію ўзьвядзеньня бізнэсоўца Аляксандра Зайцава ў ранг кавалера папскага рыцарскага ордэну Сьвятога Рыгора Вялікага ў 2022 годзе праводзіў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, на ёй таксама былі ксяндзы Юры Жагарын з Наваградку і Ігар Лашук са Стоўпцаў (ён выступіў з прамовай). Тытул Зайцаву ўручылі за яго заслугі перад касьцёлам. За што Зайцаў атрымаў каталіцкі ордэн, на цырымоніі не ўдакладнялі, але розныя выданьні мяркуюць, што ён даваў грошы на будаўніцтва і рэканструкцыю беларускіх касьцёлаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексін, Гуцэрыеў, Зайцаў, Цяцерын. Што за набліжаныя да Лукашэнкі бізнэсоўцы падпалі пад санкцыіКсёндз Ігар Лашук адзначыў, што шмат гадоў знаёмы з Зайцавым і той рос у сваёй веры крок за крокам.
Расьсьледаваньне БРЦ паказала, што ксёндз Лашук дапамагае Зайцаву ня толькі ўмацоўвацца ў веры, але і «весьці кантрабандны бізнэс у абыход санкцый».
У верасьні 2021 году Ігар Лашук, будучы ў сане каталіцкага ксяндза, заснаваў кампанію «АЛІС МА», на якую, паводле БРЦ, падсанкцыйныя ўладальнікі кампаніі «Брэміна Груп» перапісалі частку сваёй маёмасьці.
БРЦ спытаўся ў Юрыя Санько, прэсавага сакратара кіраўніка Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі, ці можа сьвятар займацца бізнэсам.
«Сьвятар ня можа ні ўдзельнічаць у палітычных партыях, ні займацца бізнэсам. Гэта немагчыма нават паводле кананічнага права. Такая заява — вельмі цікавая нават для нас. Таму мы таксама ў гэтым пастараемся разабрацца», — сказаў Юры Санько.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія беларусы скуплялі нерухомасьць у Дубаі? Вынікі журналісцкага расьсьледаваньня«Брэміна-Орша» — гэта «выспа» практычна поўнай нявыплаты падаткаў, створаная паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі для кампаніяў набліжаных да яго бізнэсоўцаў. Праз гэты хаб ішла кантрабанда кветак, тканін, прадуктаў харчаваньня з Эўропы ў Расею.
Акрамя таго, праз «Брэміна Груп» ці зьвязаныя зь ёю кампаніі ідзе істотная частка афіцыйнага транзыту празь Беларусь. Кампаніі дазволілі пабудаваць свае склады з правам мытнага афармленьня проста на памежных пераходах Брузгі і Бераставіца. Тамсама перачэпліваюць з эўрапейскіх цягачоў на беларускія.
Гэта адзіныя прыватныя пункты мытнага афармленьня на межах Беларусі з ЭЗ. Гэта значыць, у кіроўцаў грузавікоў, якія едуць у Беларусь празь Бераставіцу ці Брузгі, няма выбару, акрамя як карыстацца паслугамі «Брэміна Груп».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску засталася ўсяго адна прыватная школа. Расказваем, чаму яе не закрыліПраўда, цяпер «Брузгі» і «Бераставіца» перайшлі пад кантроль «ВЛАТЭ Лагістык» — кампаніі, якая ўваходзіць у «Брэміна Груп». Раней «Брэміна» валодала ёю наўпрост, але цяпер «ВЛАТЭ Лагістык» аформлена на 6 фізычных асобаў. Амаль кожная зь іх прадстаўляе інтарэсы ўладальнікаў «Брэміна». Такім чынам «Брузгі» і «Бераставіцу» вывелі з-пад санкцыяў.
Падаткі з сваіх прыбыткаў «ВЛАТЭ Лагістык» амаль ня плаціць дзякуючы прэфэрэнцыям, якія фірме асабіста выдаў Аляксандар Лукашэнка.
Калі б ня гэта, то за манапольнае абслугоўваньне часткі мяжы кампаніі «Брэміна Груп» мусіла б заплаціць ня пару мільёнаў падаткаў, а дзясяткі мільёнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пляны аншлюсу, пасланьне Пуціна і візыт у Менск кіраўніка Абхазіі — аналіз экспэртаўСам Аляксандар Зайцаў у аршанскім хабе — фігура ключавая. Калі ў іншых праектах тройка Зайцаў-Алексін-Варабей у спробе пазьбегнуць санкцый раўнамерна разьмяркоўвала долі паміж сваімі людзьмі, то ў «Брэміна-Орша» ўсё адышло толькі даверанай асобе Зайцава — ксяндзу Лашуку і створанай ім кампаніі «АЛІС МА».
БРЦ спытаў у Ігара Лашука, як так атрымалася, што ён раптам аказаўся ўладальнікам кампаніі, зьвязанай з «Брэміна Груп». Але выразнага адказу не атрымаў. Свае сувязі з Аляксандрам Зайцавым і ягоным бізнэсам ксёндз Лашук таксама пракамэнтаваў расплывіста:
«Гэта мая асабістая справа, я сьвятар. На некаторыя пытаньні я не адказваю нікому, нават папу Рымскаму, разумееце? Ёсьць пытаньні, якія ёсьць толькі паміж мной і Госпадам Богам», — сказаў Ігар Лашук у размове з БРЦ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія рахункі паміж братамі? Што стаіць за скандалам вакол беларускага доўгу Вэнэсуэле