Парлямэнт прагаласаваў за закон са зьменамі. Напрыклад, беларусам далі магчымасьць усё ж атрымліваць грамадзянства Літвы, у адрозьненьне ад расейцаў. Таксама беларусы і далей змогуць купляць жытло ў Літве. Гітанас Наўседа наклаў на закон вэта, аднак дэпутаты адхілілі і яго — 99 галасоў пры неабходных 71.
Свобода пагутарыла з дэпутатам Сейму, прадстаўніком літоўскіх хрысьціянскіх дэмакратаў Эмануэлісам Зінгерысам, які быў адным з найбольш актыўных прыхільнікаў адхіленьня вэта Наўседы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сейм Літвы пераадолеў вэта прэзыдэнта на закон аб розных санкцыях для расейцаў і беларусаў«Нам няма чаго дзяліць»
«Такой дыскусіі ў Літве не было на працягу дзесяцігодзьдзяў. Хаця літоўцы, як і палякі, удзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах па ўшанаваньні памяці Кастуся Каліноўскага, Эміліі Плятэр, Тадэвуша Касьцюшкі. Гэта нашы паўстанцы супраць царскіх сатрапаў у Піцеры. Гэта барацьба за нашу агульную свабоду. У старым горадзе Вільні ёсьць памятны знак Францішку Скарыну, беларускаму першадрукару. Мы з жалем глядзім празь мяжу, дзе Лукашэнка чыніць невытлумачальныя рэчы зь беларускай мовай. Усё гэта было ў нашых дыскусіях, асабліва мы гаварылі пра сотні гадоў разам у складзе Вялікага Княства Літоўскага», — кажа спадар Зінгерыс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не адаптацыя ў Літве, а зьмены ў Беларусі». Віціс Юрконіс тлумачыць пазыцыю Вільні па беларусахНа думку дэпутата, беларусам і літоўцам няма чаго дзяліць, а народы аб’ядноўвае адзін сымбаль — Пагоня.
«Нам няма чаго дзяліць — падняты ці апушчаны хвост нашага рыцарскага каня. Гэтая дыскусія адлюстравалася ва ўсіх фракцыях. Беларускі народ шматпакутны. У расейскім народзе былі дзекабрысты, Барыс Нямцоў, акадэмік Сахараў, Кара-Мурза. Але ўвесь расейскі народ не падымаецца супраць сатрапа Пуціна».
Зінгерыс кажа, што ў 2020 годзе беларусы паказалі, што больш ня хочуць жыць у дыктатуры.
«Хаця пратэст быў занадта інтэлігентным: спыняліся на сьвятлафорах, не штурмавалі ў Менску цэнтральных будынкаў, ураду. Усё было ня так, як у нас у 1990 годзе. І ўсё ж заяўка беларускага народу на свабоду была пачутая. Нягледзячы на замбаваньне праз тэлевізар ад ранку да вечара, незалежныя апытаньні беларусаў паказваюць, што яны супраць вайны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская падзякавала літоўскаму Сейму за прынцыповасьць і падтрымку беларусаў«Літоўцы здалі экзамэн на дзясятку»
Дэпутат Сейму заклікае памятаць, што рэжым Лукашэнкі незаконна знаходзіцца ва ўрадзе, а сапраўды выбраны беларускім народам прадстаўнік — гэта Сьвятлана Ціханоўская.
«Мы заўжды чуем з глыбіні беларускага народу іншыя інтанацыі, таму гэты дыктатар Лукашэнка і не адправіў беларускай арміі ва Ўкраіну. Нават замбаваныя „русским миром“ салдаты наўрад ці масава націскалі б куркі, каб страляць ва ўкраінцаў, а хутчэй за ўсё, перайшлі б на бок палка Каліноўскага».
Зінгерыс працягвае, што ўвесь гэты комплекс блізкага суседзтва зь беларусамі і дапамог таму, што парлямэнт так інстынктыўна і масава адхіліў вэта Наўседы.
«Гэта было глыбіннае апытаньне літоўцаў у іх стаўленьні да беларусаў. І гэты глыбінны экзамэн літоўцы здалі на дзясятку». Я асабіста ў сотнях размовах гаварыў, што цяперашнія расейцы і цяперашнія беларусы — гэта не адно і тое ж. Але, зазначу, мы не стаім на падмурку нянавісьці да расейскага народу. Інстынкты беларусаў на працягу пяці-шасьці стагодзьдзяў ствараліся сумесна зь літоўскімі, у рамках ВКЛ. У Беларусі было Магдэбургскае права, а ня рабства, якое арганізоўвалі маскоўскія князі«.
Дэпутат парлямэнту Літвы падкрэсьлівае, што мае шмат сяброў сярод беларускіх палітвязьняў — гэта і Мікола Статкевіч, і Алесь Бяляцкі.
«Мы не маглі здаць нашу агульную мінуўшчыну, наша агульнае паўстаньне „за вашу і нашу свабоду“, нашых пакутнікаў, Каліноўскага, — гэта была б жудасная здрада. Я кажу гэта са сьлязамі на вачах, бо ў мяне шмат знаёмых — ад Статкевіча да Бяляцкага — сядзяць цяпер у турмах. Я даў слова Марыне Адамовіч і Натальлі Пінчук, што мы не здадзім вашых герояў. Мы не маглі прагаласаваць інакш».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь не Расея». Як беларусы пратэставалі калі літоўскага Сейму. Фотарэпартаж