Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з Енсам Столтэнбэргам у Кіеве заявіў, што ня бачыць ніякіх перашкод для фармальнага запрашэньня краіны ў NATO. Ён таксама падзякаваў за запрашэньне на саміт Альянсу, які адбудзецца ў Вільні, назваўшы яго гістарычным.
«Большасьць людзей у краінах NATO і большасьць украінцаў падтрымлівае ўступленьне нашай краіны ў Альянс, прыйшоў час рашэньняў», — сказаў украінскі лідэр.
Ён адзначыў, што Ўкраіне патрабуецца нешта большае, чым той фармат адносін, які ёсьць зараз. Таксама Зяленскі падкрэсьліў, што Кіеў шануе падтрымку саюзьнікаў у выглядзе ўзбраеньняў, але хоча ведаць, калі Ўкраіна можа быць у NATO і якія гарантыі могуць ёй даць.
Енс Столтэнбэрг у сваю чаргу зазначыў, што бачыць месца Ўкраіны сярод чальцоў альянсу, але гэта адбудзецца не адразу.
«Дазвольце мне сказаць ясна: законнае месца Украіны — у эўраатлянтычнай сям’і. Законнае месца Ўкраіны — у NATO. І з часам наша падтрымка дапаможа вам зрабіць гэта магчымым», — сказаў Столтэнбэрг журналістам падчас сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у Кіеве.
Ён паабяцаў працягваць вайсковую падтрымку Ўкраіны, сказаўшы, што да гэтага часу саюзьнікі па NATO падрыхтавалі дзясяткі тысяч украінскіх вайскоўцаў і далі толькі вайсковай дапамогі на 65 мільярдаў эўра.
«NATO падтрымлівае вас сёньня, заўтра і столькі, колькі спатрэбіцца», — заявіў Столтэнбэрг перад тым, як запрасіць Зяленскага на саміт NATO ў Вільні ў ліпені.
Столтэнбэрг дадаў, што шлях да сяброўства ў NATO для Ўкраіны будзе абмяркоўвацца на саміце ў ліпені ў Вільні, куды запрошаны ўкраінскі лідар.
Летась у канцы верасьня прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі аб’явіў, што Ўкраіна падае заяўку на ўступленьне ў NATO у паскораным парадку.
«Дэ-факта мы ўжо прайшлі свой шлях у NATO. Дэ-факта мы ўжо даказалі сумяшчальнасьць са стандартамі Паўночнаатлантычнага зьвязу. Яны рэальныя для Ўкраіны — рэальныя на полі бою і ва ўсіх аспэктах нашага ўзаемадзеяньня. Мы давяраем адзін аднаму, дапамагаем адзін аднаму, і мы абараняем адзін аднаго. Гэта і ёсьць Паўночнаатлантычны зьвяз», — сказаў тады Зяленскі.
Саюзьнікі па NATO разыходзяцца ў поглядах аб пэрспэктывах для Кіева. Столтэнбэрг раней казаў, што дзьверы для ўступленьня Кіева ў Альянс адчыненыя, але цяпер увага засяроджана на падтрымцы абароны Ўкраіны ад расейскага ўварваньня.
Саміт NATO адбудзецца 11-12 ліпеня ў Вільні. Сойм Літвы ў рэзалюцыі аб асноўных мэтах краіны на саміце NATO ўказваў, што Ўкраіну неабходна запрасіць стаць сябрам NATO на саміце Альянсу ў Вільні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША заклікалі NATO да пільнасьці: Расея можа разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі і выкарыстаць ва Ўкраіне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінляндыя стала 31-й краінай NATO. Мяжа Расеі з альянсам вырасла на 1300 км