Справу топ-мэнэджараў беларускай дачкі «Газпрома» накіравалі ў суд

Ілюстрацыйнае фота

Генэральная пракуратура Беларусі накіравала ў суд крымінальную справу былога намесьніка гендырэктара і двух начальнікаў структурных падразьдзяленьняў ААТ «Газпром трансгаз Беларусь», паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.

Іх абвінавачваюць у атрыманьні хабару ў буйным і асабліва буйным памерах (ч. 2 і ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Кіраўніка прыватнага прадпрыемства, які праходзіць у той жа справе, абвінавачваюць у даваньні хабару ў буйным памеры.

Згодна з матэрыяламі справы, са студзеня 2019-га па сакавік 2022 году службовыя асобы ААТ «Газпром трансгаз Беларусь» атрымалі агулам больш за 208 тысяч рублёў «за садзейнічаньне пры правядзеньні конкурсных працэдур, заключэньні і выкананьні дамоваў, мантажы абсталяваньня».

На стадыі папярэдняга расьсьледаваньня на маёмасьць абвінавачаных агульным коштам звыш 5 мільёнаў рублёў наклалі арышт. Яны выплацілі даход, атрыманы злачынным шляхам, у памеры больш за 88 тысяч рублёў, паведамляе Генпракуратура.

Абвінавачаных затрымалі вясной 2022 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крыніцы «Нашай нівы»: Арыштавалі топ-мэнэджараў беларускай філіі «Газпрома»