Паэт, перакладчык і літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч ужо год вядзе канал на ютубе. Ён расказаў Свабодзе пра свае ўражаньні, хэйтэраў, фанатаў, пляны і параіў, якія кнігі варта зараз пачытаць беларусам.
«Называю свой ютуб „Вандроўным унівэрсытэтам“»
Андрэй Хадановіч — паэт, перакладчык, выкладчык літаратуры, літаратуразнаўца, які ўжо больш за год вядзе свой ютуб-канал, дзе штотыдзень выкладае відэалекцыі пра літаратуру.
«Да мяне зьвярнуўся выпускнік гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа і выпускнік філфаку БДУ, дзе я выкладаў. Аргумэнт быў: „Спадар Андрэй, нам бракуе беларускамоўнага культурнага кантэнту. А на вашых лекцыях мы спалі і прагульвалі мінімальна, у параўнаньні зь іншымі выкладчыкамі“. Я з радасьцю пагадзіўся, слаба ўяўляючы, што гэта такое. Але я разумеў, што мы апынуліся ў сытуацыі, калі адны людзі, якія засталіся ў Беларусі, нягледзячы ні на што, пачуваюцца ва ўнутранай эміграцыі, у глыбокім падпольлі, а іншыя зьехалі ў розныя краіны. А інтэрнэт — гэта моцны сродак пасылаць адно адному сыгналы падтрымкі і аб’ядноўваць», — кажа Андрэй Хадановіч.
Праз рэпрэсіі ў Беларусі звольнілі шмат выкладчыкаў, і цяпер унівэрсытэты ня могуць выконваць сваю прамую адукацыйную, культурную функцыю, мяркуе паэт.
«Я люблю паўтараць у сваіх відэа: у сытуацыі вайны на зьнішчэньне мы самі павінны пераўтварацца ў інстытуцыі культуры. Таму я свой гэты панядзелкавы ютуб называю часам „Вандроўным унівэрсытэтам“ — адукацыя, якая заўжды з табою».
«Стараюся выбіраць кнігі і аўтараў, якія чапляюць за жывое»
Аўтар прызнаецца, што найскладаней псыхалягічна — прамаўляць, ня бачачы імгненнай зваротнай рэакцыі.
«Я прызвычаіўся працаваць у фармаце ўнівэрсытэцкай аўдыторыі з жывымі прысутнымі слухачамі. Гледзячы ў камэру ці крышачку міма, на апэратара, які даўно стаміўся ад цябе, асабліва калі пішацца ня першы выпуск у дзень, цяжка злавіць матывацыю. Але ты спрабуеш нафантазіраваць уяўнага гледача, і гэта дапамагае».
Таксама Андрэй Хадановіч кажа, што ўсё жыцьцё выкладаў замежную літаратуру, а канал патрабуе шмат гаварыць пра беларускую.
«Адначасова з падрыхтоўкай да выпускаў я сам вучуся як беларусіст. Штосьці я перачытваю, пару тэкстаў, прызнаюся шчыра, прачытаў упершыню ў жыцьці. Большасьць твораў ты перачытваеш зараз і ўспрымаеш у іншым кантэксьце. Я стараюся выбіраць кнігі і аўтараў, якія чапляюць за жывое. Бо незалежна, у якой краіне, у якую эпоху яны пісаліся, нейкія нечакана выявіліся актуальнымі».
Першыя відэа для каналу запісалі на пачатку лютага 2022-га, але здарылася 24-га, узгадвае Хадановіч пачатак свайго каналу.
«Была разгубленасьць: трэба гэта ці не ў дадзенай сытуацыі? Але потым прыйшло разуменьне, што тым больш патрэбна. Першымі выпускамі пайшлі не падрыхтаваныя, а тое, пра што ўсе мы думаем. Самым першым быў выпуск пра Васіля Быкава, усё зьвязанае з вайной і рэпрэсіямі, другі — пра ўкраінскую ваенную паэзію, якая паўстала і разьвіваецца адначасова з нападам, з агрэсіяй. Я думаю, што гэтыя відэа рабіць было цяжэй за ўсё: перасыхала горла, словы засядалі. Потым я, гледзячы на сваю фізіяномію, бачыў, што хваляваўся, недзе быў заціснуты».
«Мне б хацелася, каб больш беларусаў цікавіліся сваім»
Чым больш вострая тэма відэа — тым больш рэакцый на яго, кажа Хадановіч.
«Табе б у ідэале хацелася пасылаць промні цеплыні і падтрымкі, бо так усім камфортна і ўсім падабаецца. А тут я раблю выпуск пра імпэрскія праявы ў расейскай літаратуры, і гэта выбухае, як са знакам плюс, так і са знакам мінус. Хтосьці дзякуе, што даўно пра гэта пара гаварыць. Але памятаю абураны хор, пераважна беларускай расейскамоўнай інтэлігенцыі, абвінавачаньні, што гэта дзеліць грамадзтва, што гэта несправядліва, што ня трэба блытаць Пуціна і Пушкіна, і гэтак далей».
Творца заўважае: вельмі цяжка было патлумачыць людзям, што яго ня столькі Расея цікавіць, колькі Расея ў беларускіх галовах, якая займае непрапарцыянальнае месца.
«Усе гэтыя беларусы, якія пачынаюць дзень з пошчаньня ў фэйсбуку твораў „великой русской поэзии“, напрыклад. Гэтыя людзі інстынктыўна разумеюць, што адбылася катастрофа, што штосьці пайшло ня так, але спрабуюць замест недастаткова „хороших русских“ знайсьці сабе больш „хороших русских“, як замену, у цэлым не мяняючы прапорцый, застаючыся ў расейскім інфармацыйным полі. А мне б хацелася, каб больш беларусаў цікавіліся сваім, і не таму, што чымсьці абавязаныя».
«Прафэсійныя тролі, якія „топяць“ за беларускі рэжым, за Маскву і Пуціна»
Найбольш хэйту ў камэнтарах не зьвязана з кантэнтам каналу, кажа літаратуразнаўца.
«Па-мойму, гэта нейкія прафэсійныя тролі, якія „топяць“ за беларускі рэжым, за Маскву і Пуціна. Часам гэта выглядае абсалютна тапорна і прымітыўна, а бывае, яны ўжываюць нейкія аргумэнты. Напрыклад, былі камэнтары пад відэа з Ларысай Геніюш: „не такая яна і нявінная, заслужана яе не рэабілітавалі, супрацоўнічала яна з фашыстамі“. Далей кажуць пра сфабрыкаваную КДБ легенду пра тэлеграму Гітлеру, якую, маўляў, Ларыса Антонаўна падпісала. Ну і як 100 разоў тлумачыць, што гэта грубая фальшыўка? Але такія людзі ёсьць, і яны адпрацоўваюць свае грошы».
«Людзі выкарыстоўваюць мае відэа на занятках, а іншыя перасылаюць сваім вучням або студэнтам»
Андрэй Хадановіч кажа, што большасьць камэнтароў усё ж ад людзей жывых і неабыякавых, якія знаходзяць у відэалекцыях інфармацыйную або эмацыйную падтрымку.
«Значная частка фідбэку, які мне прыходзіць: „Дзякуй, а я і ня ведаў пра такога пісьменьніка ці пісьменьніцу. Зусім ня так сабе ўяўляў такога аўтара ці аўтарку, аказваецца, у яго ці яе ёсьць такія творы. Шчыры дзякуй“. Тады пачуваю сябе ўзнагароджаным, дапамагае такая рэакцыя».
Паэт дадае, што яму хочацца дзяліцца зь людзьмі новай інфармацыяй, але ён лічыць, што важна рабіць гэта з правільным пасылам.
«Знаходжу яго, як перакладчык, у найлепшай украінскай паэзіі ваеннага часу. Усё, безумоўна, будзе добра, мы, безумоўна, пераможам, змрочны час, безумоўна, скончыцца, але ўсё залежыць ад нашай штодзённай дзейнасьці дзеля таго, каб так было. Стараюся гэтыя словы і інтанацыю ўжываць».
Ютуб-канал Андрэя Хадановіча глядзяць у 40 краінах сьвету, але 88% аўдыторыі — у Беларусі, кажа аўтар.
«Значыць, ютуб выконвае функцыю разагнаных унівэрсытэтаў і спрабуе іх замяніць. Адныя людзі пішуць, што выкарыстоўваюць мае відэа на занятках, а іншыя перасылаюць сваім вучням або студэнтам. Шмат такога ёсьць, і гэта мяне падтрымлівае».
Паміж сваім беларускім і сусьветным гледачы актыўней выбіраюць сваё, кажа літаратуразнаўца. Лідэры па праглядах і рэакцыях — беларусы ці пісьменьнікі, зьвязаныя зь Беларусьсю.
«Якуб Колас і „Новая Зямля“» — самае запатрабаванае відэа. Можа, ён самы беларускі глыбінны, сапраўды зь зямлёю, зь нейкімі архетыпамі дому, сям’і зьвязаны, таму інстынктыўна ўспрымаецца як самы родны, самы свой. Доўгі час у лідэрах застаецца балючае і востра актуальнае відэа пра кароткае апавяданьне Максіма Гарэцкага «Рускі», як на імпэрыялістычнай вайне падзялілі блізкіх суседзяў і беларус забівае ўкраінца. Але беларус ваюе за Расейскую імпэрыю, а ўкраінец як аўстрыяк прадстаўлены, і толькі зь ягонай гаворкі разумееш, што гэта ўкраінец«.
Трапіў у топ-3 і выпуск пра Ўладзімера Караткевіча.
«Акцэнт я зрабіў на „Ладзьдзю роспачы“, на тое, што позна бывае толькі ў труне, што чалавек носіць сваё неба з сабою і нават сьмерць можна перамагчы, калі робіш гэта зь любоўю да роднай зямлі і каханьнем да роднага табе чалавека. Людзей чапляе альбо штосьці цёплае, натхняльнае, тэрапэўтычнае, альбо вострае, надзённае, балючае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні прэзэнтавалі дзьве кнігі пра нобэлеўскага ляўрэата і палітвязьня Алеся Бяляцкага. ФОТАШто пачытаць?
Андрэй Хадановіч раіць кнігі, якія варта пачытаць беларусам бліжэйшым часам.
«Вельмі раю кнігу нашага нобэлеўскага ляўрэата і палітвязьня, у якой імя аўтара і назва сышліся ў двух словах — „Алесь Бяляцкі“. Кніга падрыхтаваная на падставе ўспамінаў ды інтэрвію нашага славутага праваабаронцы, а таксама выказваньняў калегаў пра яго. Выйшла ў Варшаве ў выдавецтве „Полацкія лябірынты“. Знак нашага часу: „Полацкія лябірынты“ ў Варшаве...»
Выдавецкая ініцыятыва «Пфляўмбаўм»:
- «Сонца» Яўгеніі Пфляўбаўм;
- «Да новага заўтра» Зінаіды Бандарынай;
- «Неба мнагавокае» Натальлі Вішнеўскай.
Выдавецтва «Янушкевіч»:
- «Вялікі Гэтсбі» Фрэнсіса Скота Фіцджэральда (у новым перакладзе Сяргея Матыркі);
- «І ўзыходзіць сонца» Эрнэста Гэмінгуэя (у перакладзе Юркі Гаўрука).
«Абедзьве кніжкі — пра так званае „страчанае“ пакаленьне, пра людзей, якія згубілі сэнс існаваньня ў агні першай сусьветнай, іх спробы жыць далей. Нам непазьбежна пасьля перамогі давядзецца адбудоўваць жыцьцё адпачатку, і досьвед гэтага пакаленьня можа быць карысны», — кажа Андрэй Хадановіч.
Выдавецтва «Vesna»:
- Поўны збор паэзіі Мойшэ Кульбака (у перакладзе Сяргея Шупы);
- «Вершы» Альгерда Бахарэвіча;
- «Воўчыя ягады» Юліі Цімафеевай.
- «Гаспадыня восеньскага саду»: «Там сабраныя вершы, пераклады, эсэ і лісты нашай культавай паэткі Тацяны Сапач, што трагічна загінула ў 2010 годзе. А ейная паэзія жыве надалей і да сёньня захавала сваю сучаснасьць і актуальнасьць».
Бэрлінскае выдавецтва «Hochroth»:
- «Я працягваю» Насты Кудасавай;
- «Тое, што сказалася вершам» Ганны Севярынец;
- «Самае трывожнае лета» Крысьціны Бандурынай;
- «Улей» Дзьмітрыя Строцава.
Выдавецтва «Камунікат»:
«Вельмі раю збор твораў Уладзімера Арлова, шырока любімага нашага аўтара. Часам гэта перавыданьні даўніх кніг, якія ня могуць выйсьці ў Беларусі са зразумелых прычын. Часам гэта новыя кнігі, як, напрыклад, другая частка бэстсэлера „Айчына. Ад Агінскага да Багушэвіча“».
Кнігі жаночай паэзіі:
- «Песьні для мёртвых і ўваскрэслых» Вальжыны Морт;
- «Побач» Насты Кудасавай;
- «Водападзел» Марыі Мартысевіч;
- «Рэвалюцыя» Ганны Янкуты.
Відэалекцыя Андрэя Хадановіча пра беларускіх пісьменьніц:
Андрэй Хадановіч раіць кнігі апошняй нобэлеўскай ляўрэаткі Ані Эрно, засяроджанай на жаночай праблематыцы. А таксама сучасную клясыку:
- «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец;
- «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча.
«Сучасны паэтычны авангард — кніга вершаў Віктара Сямашкі „Аўтар мае рацыю заўжды“, што зьявілася сёлета ў Беластоку. Чытайце, такой паэзіі больш ня піша ніхто».
Дзейнасьць ютубэра мела для Андрэя Хадановіча некалькі пазытыўных наступстваў.
«Мяне запрасілі выкладаць у жывым фармаце ў ЭГУ. А 23 красавіка ў Вільні я зраблю вечарыну ў гонар Мойшэ Кульбака ў ягоным доме. Шчыра запрашаю. Таксама я раз на месяц чытаю публічныя лекцыі ў Гданьску, цыкль „Беларусь у фантастычных апавяданьнях“. Першая лекцыя была пра Скарыну і Гусоўскага. Найбліжэйшая будзе пра шматмоўную беларускую літаратуру XIX стагодзьдзя, яна пройдзе 10 траўня. Далей будуць любімыя клясыкі XX стагодзьдзя і сучасныя літаратары».