Украіна і Польшча дамовіліся аднавіць транзыт сельгаспрадукцыі

Міністэрства аграрнай палітыкі Ўкраіны паведаміла, што Ўкраіна і Польшча дамовіліся аб аднаўленьні транзыту ўкраінскай сельскагаспадарчай прадукцыі.

Пра гэтую дамову паведаміў таксама міністар сельскай гаспадаркі Польшчы Робэрт Тэлюс. Паводле яго, транзыт будзе кантралявацца. Забарона на ўвоз у Польшчу ўкраінскай прадукцыі захаваецца, падкрэсьліў міністар.

«Нам удалося стварыць мэханізмы, якія будуць азначаць, што ў Польшчы не застанецца ніводнай тоны збожжа. Тавары будуць ісьці транзытам праз Польшчу», — сказаў міністар пасьля перамоваў з украінскімі афіцыйнымі асобамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча забараніла імпарт збожжа з Украіны дзеля аховы ўласнай сельскай гаспадаркі

Польшча вырашыла забараніць імпарт збожжа і іншых прадуктаў харчаваньня з Украіны, каб абараніць мясцовы сельскагаспадарчы сэктар, пасьля таго як прыток прапановы зьнізіў цэны ў рэгіёне. Забарона ўступіла ў сілу ўвечары 15 красавіка. Пра падобнае рашэньне абвясьціла і Вугоршчына.

17 красавіка Славаччына абвясьціла аб прыпыненьні імпарту збожжа з Украіны.

Міністэрства аграрнай палітыкі і харчаваньня Ўкраіны 15 красавіка заявіла, што польская забарона супярэчыць двухбаковым пагадненьням аб экспарце, і заклікала да перамоваў для вырашэньня гэтага пытаньня.

16 красавіка Эўракамісія заявіла, што аднабаковыя дзеяньні ў галіне гандлю з боку краін Эўразьвязу непрымальныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўракамісія: рашэньні Польшчы і Вугоршчыны пра забарону на імпарт украінскага збожжа — непрымальныя
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар сельскай гаспадаркі Польшчы пайшоў у адстаўку праз украінскае збожжа