У 2023 годзе шэсьцящ «Несьмяротнага палка», якія традыцыйна праходзілі 9 траўня, у Расеі ня будзе. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на арганізатараў акцыі.
У прэс-службе руху расказалі, што вырашылі «адысьці ад фармату адной вуліцы і адной плошчы» і прапанаваць расейцам шанаваць памяць герояў «на працягу ўсяго дня». Раней паведамлялася, што акцыя адменена ў некалькіх прымежных рэгіёнах.
«Несьмяротны полк» быў прыдуманы томскімі журналістамі ў 2012 годзе. Акцыя ў памяць аб палеглых у гады Другой сусьветнай выглядала як масавае шэсьце з фатаграфіямі ўдзельнікаў той вайны.
У 2020 і 2021 гадах акцыя праводзілася онлайн з прычыны пандэміі COVID-19, у 2022 годзе шэсьце адбылося ў традыцыйным фармаце.
Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну стваральнікі «Несьмяротнага палка», якія выступілі супраць вайны, папрасілі не зьвязваць іх з будучымі шэсьцямі з прычыны зьмены першапачатковага сэнсу акцыі.
Як пачынаўся «Несьмяротны полк»
Упершыню падобную акцыю арганізавалі ў сібірскім горадзе Томску трое журналістаў. Яе мэтай было ўшанаваць памяць тых, хто загінуў падчас вайны. Ідэалягічнай афарбоўкі спачатку акцыя ня мела.
Вельмі хутка «Несьмяротны полк» перахапіў расейскі афіцыёз, а колішніх стваральнікаў адсунулі на задні плян. «Сапраўды, „Несьмяротны полк“ пачаўся як частка „русского мира“, частка Расеі», — казаў дэпутат расейскай Дзяржаўнай Думы, сустаршыня руху «Несьмяротны полк» Мікалай Зямцоў.
Такія словы прамаўляліся ў самы разгар супрацьстаяньня на ўсходзе Ўкраіны, якое адбывалася пад лёзунгамі «русского мира».
Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін асабіста выйшаў на «Несьмяротны полк» у 2015 годзе, несучы партрэт бацькі. Пасьля гэтага акцыя выйшла ня толькі на агульнарасейскі, але і на міжнародны ўзровень. Штогод «Несьмяротны полк» спрабавалі арганізаваць ва ўсіх постсавецкіх краінах, а таксама ў некаторых дзяржавах Эўропы, Азіі, Афрыкі і Амэрыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Віцебску дазволілі шэсьце «Бессмертного полка» на 9 траўня. Раней такія акцыі былі непажаданыя
«Несьмяротны полк» у Беларусі
Інфармацыі, што гэтая акцыя пройдзе ў Беларусі, на сёньня няма. У 2018 годзе, калі акцыя была дазволеная менскімі гарадзкімі ўладамі, на яе выйшли, па розных падліках, каля 1500 чалавек. Прысутнічалі дзяржаўныя экспэрты Аляксандар Шпакоўскі і Аляксей Дзерман. А вось прадстаўнікоў афіцыйных дзяржаўных органаў не было.
Аляксандар Лукашэнка ніколі ня ўдзельнічаў у такіх акцыях. Больш за тое, падчас адной з прэс-канфэрэнцый ён адказаў, што ён катэгарычна супраць такіх акцый, бо існуе афіцыйная акцыя «Беларусь памятае».
Расейскія СМІ пісалі, што першае падобнае шэсьце прайшло ў 2016 годзе ў Берасьці. Тады яны ўдзельнічалі ў адным сьвяткаваньні разам з асноўнай часткай удзельнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўзучае прызнаньне анэксіі. Што стаіць за візытам у Менск кіраўніка «ДНР» Пушыліна