У Наваградзкім і Карэліцкім раёнах Горадзенскай вобласьці пад кіраўніцтвам намесьніка старшыні абласнога выканаўчага камітэту з 18 па 21 красавіка праходзяць камандна-штабныя вучэньні зь сіламі тэрытарыяльнай абароны.
Як паведаміла прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі, у вучэньнях будзе ўдзельнічаць і сфармаваны ў Кошалеўскім сельскім савеце Наваградзкага раёну атрад народнага апалчэньня.
Паводле вайсковага ведамства, на вучэньнях плянуюць адпрацаваць пытаньні аховы цывільных аб’ектаў, а таксама «барацьбы з дывэрсійна-выведнымі групамі і незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі павялічылі колькасьць войскаў, якія ўваходзяць у Заходняе апэратыўнае камандаваньне. Правялі мабілізацыюТым часам стала вядома, што з 26 красавіка ў Беларусі пачнецца прызыў на тэрміновую вайсковую службу. У Мінабароны паведамілі, што позвы атрымаюць 40 тысяч грамадзян. У красавіку-траўні на службу накіруюць 10 тысяч прызыўнікоў.
Плянуюць у першы дзень прызыву адну тысячу грамадзян накіраваць у Сілы спэцыяльных апэрацый, 72-і аб’яднаны Навучальны цэнтар падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў, а таксама ў Менскую вайсковую камэндатуру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «МотолькоПомоги»: На Обуз-Лясноўскім палігоне памёр прызваны на зборы рэзэрвістМіністэрства абароны Беларусі ўдакладніла, што студэнты першых курсаў вышэйшых навучальных устаноў, якія маюць адтэрмінаваньне ад прызыву, могуць па ўласным жаданьні пайсьці на службу ў рэзэрве, якая будзе адбывацца ў часе вакацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускім лекарам уручаюць позвы на зборы ў войска «для праверкі баявой гатоўнасьці»«Цырымонія прыняцьця вайсковай прысягі адбудзецца 20 траўня», — паведаміла Мінабароны Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мэдыя-Палесьсе»: У Лунінцы прадстаўнікі ваенкаматаў хапаюць мужчын — каго на вуліцы, каго проста з ложкаЗ пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў. Ад пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, якое падтрымала кіраўніцтва Беларусі, колькасьць вайсковых вучэньняў на беларускай тэрыторыі значна павялічылася.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дало вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сыну абяцалі, што 1 траўня будзе дома». Як у Беларусі праходзіць раптоўная праверка баявой гатоўнасьці