У канцы мінулага тыдня ў Беларусі затрымалі 18-гадовага Арсеня Е. Вядомы расейскі хакер KillMilk, прадстаўнік расейскай хакерскай сеткі Killnet, напісаў, што Арсень Е. — заснавальнік хакерскай групоўкі Anonymous Russia.
Ад яго таксама стала вядома, што затрыманага пасадзілі ў СІЗА-3 у Гомлі.
Тым часам ад таго ж KillMilk стала вядома, што ў Anonymous Russia прызначылі новага кіраўніка, ім стаў хакер зь нікнэймам Radis.
Пагрозы ўладам Беларусі за затрыманьне паплечніка расейскія хакеры выдалілі празь некалькі гадзін пасьля апублікаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасты прарасейскіх Telegram-каналаў дэзынфармацыі трапілі ў топ чытаных у БеларусіШто такое Killnet?
Групоўка Killnet — хакерская група, якая мае дачыненьне да шматлікіх нападаў на дзяржаўныя структуры ЗША і Эўразьвязу. Як расказваў у інтэрвію рэсурсу Lenta.ru KillMilk, спачатку яны зьявіліся ў выглядзе сэрвісу ў даркнэце і прадастаўлялі паслугі па арганізацыі DDoS-нападаў «усім жадаючым, а часам і нежадаючым». Цяпер у групоўку ўваходзяць больш за 4,5 тысячы чалавек.
KillMilk тады абвяргаў дачыненьне групоўкі да расейскіх спэцслужбаў, але заявіў, што яны вырашылі «сканцэнтравацца на дапамозе ў барацьбе супраць Украіны і краін NATO».
Пра дзейнасьць Killnet вядома, што ў кастрычніку 2022 году хакеры атакавалі Міністэрства фінансаў ЗША. Акрамя таго, расейская групоўка ўзяла на сябе адказнасьць за парушэньне працы вэб-сайтаў некалькіх амэрыканскіх штатаў і аэрапортаў.
11 кастрычніка групоўка Killnet заявіла, што атакавала сеткавую інфраструктуру JPMorgan Chase & Co, але амэрыканскі банк не паведаміў пра якія-небудзь наступствы для сваёй дзейнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Варшава абвінаваціла Маскву ў кібэратацы на сайт польскай падатковай службыШто такое сетка Anonymous?
Гэта нефармальная міжнародная група хакераў і актывістаў, якія аб'ядноўваюцца для правядзеньня палітычных дзеяньняў і барацьбы за свабоду інфармацыі. Аднак Anonymous ня мае афіцыйнага лідэра або структуры. Замест гэтага яны выкарыстоўваюць інтэрнэт-актывізм для каардынацыі сваіх дзеяньняў. Іх яны тлумачаць жаданьнем вызваліць інтэрнэт ад умяшаньня ўрадаў, бо лічаць, што «інтэрнэт мае быць свабодным для ўсіх».
Пра дзейнасьць Anonymous стала шырока вядома яшчэ ў 2012 годзе, калі Інтэрпол паведаміў пра арышты ў Чылі, Калюмбіі, Гішпаніі і Аргентыне. Агулам арыштавалі 25 чалавек. Дзейнасьць хакераў да гэтага дасьледавала кампанія Imperva.
У 2022 годзе сетка ўжо на наступны дзень пасьля нападу на Ўкраіну абвясьціла кібэрвайну Расеі. Хакеры атакавалі сайты шэрагу расейскіх СМІ і адміністрацыі анэксаванага Крыму.
Anonymous і Killnet увайшлі ў канфрантацыю, першыя атакавалі сайт расейскай групоўкі, нямецкага прадстаўніцтва кампаніі «Роснефть», а другія арганізавалі DoS і DDoS-атакі на сайты, зьвязаныя з урадамі краін NATO. І Anonymous, і Killnet адмаўляюць сваю залежнасьць ад спэцслужбаў розных краін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Група аналізу пагроз Google назвала шэсьць хакерскіх груповак, якія працуюць на Расею, у тым ліку адну беларускуюДзейнасьць Anonymous Russia
16 лютага 2023 году групоўка Anonymous Russia абвясьціла аб правядзеньні сэрыі магутных DDoS-нападаў на шэраг аэрапортаў у Эўропе. У выніку парушылася праца ІТ-сыстэм, а тысячы пасажыраў апынуліся ў цяжкім становішчы.
У заяве Anonymous Russia сказала, што атакавала аэрапорты Эрфурт Біндэрслебэн, Гановэр, Дортмунд, Нюрнбэрг, Карлсруэ/Бадэн-Бадэн і Дусэльдорф. Пасажыры не маглі атрымаць доступ да іх сайтаў, а службам бясьпекі прыйшлося ў тэрміновым парадку рабіць ахоўныя захады. Аднак сайты найбуйнейшых аэрапортаў Нямеччыны ў Франкфурце, Мюнхэне і Бэрліне не пацярпелі.
За дзень да гэтага хакерская сетка Killnet атакавала авіякампанію Lufthansa, тая мела праблемы ў сыстэмах рэгістрацыі і пасадкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджаны па справе выбуху ў мэтро Кавалёў жыў яшчэ 2 месяцы пасьля афіцыйнай даты расстрэлу? Новыя дакумэнты ад «Кібэрпартызанаў»