Рашэньне ў Варшаве і Будапэшце зьвязалі з неабходнасьцю абараніць свой аграсэктар. Пры гэтым, як вынікае з заявы міністра па справах разьвіцьця і тэхналёгій Польшчы Вальдэмара Буды, забарона будзе закранаць і транзыт харчаваньня, які пачаў дзейнічаць у суботу ўвечары. Буда адзначыў, што з украінскім бокам у далейшым будуць праведзены перагаворы аб стварэньні сыстэмы, якая гарантуе, што тавары будуць толькі праходзіць праз польскую тэрыторыю, але не трапляць на мясцовы рынак.
«Важна падкрэсьліць, што гандлёвая палітыка знаходзіцца ў выключнай кампэтэнцыі ЭЗ, і таму аднабаковыя дзеяньні непрымальныя», — гаворыцца ў распаўсюджаным у нядзелю камэнтарыі Эўракамісіі. Там таксама падкрэсьлілі, што «у цяжкія часы вельмі важна каардынаваць і ўзгадняць усе рашэньні ўнутры ЭЗ».
У сувязі з тым, што ў выніку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну аказаліся заблякаваныя некаторыя чарнаморскія парты, вялікая колькасьць украінскага збожжа пачала назапашвацца ў краінах Цэнтральнай Эўропы. Гэта прывяло да зьніжэньня коштаў і ўдарыла па продажах мясцовых вытворцаў.
У Польшчы сытуацыя аказалася няпростай у палітычным пляне для кіруючай кансэрватыўнай партыі «Права і справядлівасьць» у год выбараў. Незадаволенасьць выказваюць жыхары сельскіх раёнаў, дзе падтрымка партыі звычайна высокая, адзначае агенцтва Reuters.
Міністэрства харчаваньня і аграрнай палітыкі Ўкраіны заявіла ў суботу, што забарона Польшчы супярэчыць двухбаковым пагадненьням па экспарце. Ведамства заклікала да перамоваў па ўрэгуляваньні пытаньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча забараніла імпарт збожжа з Украіны дзеля аховы ўласнай сельскай гаспадаркі