Агенцтва Reuters са спасылкай на Суданскі саюз лекараў удакладняе, што 56 загінулых — толькі цывільныя асобы. Колькасьць загінулых ваенных невядома, журналісты гавораць аб «дзясятках».
Армія Судана нанесла авіяцыйныя ўдары па базах «Сіл хуткай падтрымкі» ў Амдурмане — прыгарадзе сталіцы краіны Хартума. У сталіцы і прыгарадах, паводле паведамленьняў мясцовых жыхароў, чуваць гукі цяжкай артылерыі.
Галоўнакамандуючы суданскай арміяй генэрал Абдэль Фатах Аль-Бурхан у камэнтары тэлеканалу «Аль-Джазіра» заявіў, што гатовы да перамоваў з «Сіламі хуткай падтрымкі», але калі тыя не пагодзяцца скласьці зброю, у Хартум будуць уведзены войскі з іншых рэгіёнаў краіны. У адказ камандуючы «Сіламі хуткай падтрымкі» генэрал Махамед Хамдан Дагала, вядомы пад пазыўным Хэмедці, назваў Аль-Бурхана «хлусам і злачынцам» і паабяцаў, што яго войскі альбо перададуць яго ў рукі правасудзьдзя, альбо ён «памрэ як сабака». Таксама ён заявіў, што ягоныя войскі маюць намер змагацца, пакуль не захопяць усе вайсковыя базы рэгулярнага войска.
Авіякампанія Saudia паведаміла, што пад абстрэл патрапіў аэрапорт Хартума, быў пашкоджаны адзін з яе самалётаў. Цяпер большасьць авіякампаній адмянілі рэйсы ў Хартум. Дзяржава Чад закрыла сваю мяжу з Суданам.
«Сілы хуткай падтрымкі» — ваенізаванае фармаваньне, якое не ўваходзіць у склад рэгулярнай арміі Судана і не падпарадкоўваецца яго міністэрству абароны. У 2019 годзе яно падтрымала ваенны пераварот, у выніку якога быў адхілены ад улады аўтарытарны прэзыдэнт Судана Амар аль-Башыр. У 2021 годзе арганізацыя, у якой каля 100 тысяч чалавек, падтрымала другі ваенны пераварот, які адклаў перадачу ўлады грамадзянскай адміністрацыі.
Армія і грамадзянскія чыноўнікі патрабуюць, каб «Сілы хуткай падтрымкі» былі ўключаны ў склад узброеных сіл. Перамовы аб гэтым павінны былі скончыцца да 1 красавіка, аднак заплянаванае падпісаньне пагадненьня было перанесенае на нявызначаны тэрмін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія інтарэсы ў Беларусі меў аль-Башыр — самы жорсткі дыктатар Афрыкі, зрынуты пасьля 30 гадоў ва ўладзеУ 2022 годзе Дагала наведваў Маскву і выказваўся ў падтрымку будаўніцтва расейскай вайсковай базы на Чырвоным моры. Будаўніцтва базы было ўзгоднена Амарам аль-Башырам незадоўга да перавароту 2019 года.
У Судане дзейнічае расейская групоўка ПВК «Вагнер». Яна навучала мясцовых вайскоўцаў. Супрацоўніку зьвязанай з ёй кампаніі па здабычы золата на гэтым тыдні было прад’яўлена абвінавачаньне ў кантрабандзе.