У Армэніі пачаўся чэмпіянат Эўропы ў цяжкой атлетыцы. Цырымонія яго адкрыцьця азмрочылася правакацыяй з боку мужчыны, які схапіў сьцяг Азэрбайджану і падпаліў яго. Ім аказаўся дызайнэр Арам Нікалян.
Нікаляна затрымалі і адвезьлі ў пастарунак, у якім ён правёў некалькі гадзін. Афіцыйны Баку асудзіў інцыдэнт, назваўшы яго «праявай нянавісьці». Міністэрства замежных спраў краіны патрабуе ад армянскіх уладаў пакараньня вінаватых у правакацыі.
Азэрбайджанскія спартоўцы за час незалежнасьці тры разы ўдзельнічалі ў міжнародных спаборніцтвах, што праводзіліся ў суседняй краіне. Армянскія спартоўцы, у сваю чаргу, таксама.
Аднак пасьля правакацыі са сьцягам азэрбайджанская дэлегацыя вырашыла, што здымае сваіх атлетаў са спаборніцтваў і вяртаецца ў Баку. Там палічылі, што на чэмпіянаце ў Ерэване няма бясьпечных умоваў для спартоўцаў з Азэрбайджану. Армянскі бок запярэчвае, кажучы аб тым, што інцыдэнт з падпалам сьцягу ня мае супольнага зь бясьпекай на турніры, і азэрбайджанскія атлеты забясьпечаныя ўсім неабходным.
Дзьве краіны знаходзяцца ў пастаянным канфлікце вакол спрэчнай тэрыторыі Нагорнага Карабаху. Паміж імі рэгулярна ўзьнікае напружанасьць, якая неаднаразова прыводзіла да вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пашыньян выказаўся пра блякаду Лачынскага калідору, Аліеў супраць уключэньня Карабаху ў мірную дамову ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страляніна ў Нагорным Карабаху: бакі абвінавачваюць адзін аднаго