У суботу, 15 красавіка, крама Swed House прыняла першых пакупнікоў, піша Reuters. Сымболіка крамы выкананая ў тых жа сіня-жоўтых колерах, што і сымболіка IKEA.
У беларускай кампаніі ад 15% да 20% тавараў — арыгінальная прадукцыя IKEA. Пра гэта сказаў генэральны дырэктар Swed House Мамэдалі Касымаў.
«Мы не IKEA, аднак мы імкнемся быць як IKEA. Разам з тым, мы маем уласныя тавары, сваю прадукцыю, якая карыстаецца попытам. І так, мы таксама маем арыгінальную прадукцыю IKEA. Мы яе прадаем — ад 15 да 20% нашага асартымэнту — гэта арыгінальная прадукцыя ІКЕА. Ніхто нам не забараняў гэта рабіць», — сказаў Касымаў.
Пакупнікі, якія наведалі краму ў першы дзень працы, прызналіся, што хацелі б, каб ім дазвалялі «тэставаць» мэблю, як было пры IKEA. Каб была магчымасьць сядаць на канапы, класьціся на ложкі, разумець, наколькі пасуе мэбля пад асабістыя патрэбы.
Крама Swed House закліканая замяніць на расейскім рынку швэдзкую IKEA, што часткова сышла адтуль праз вайну Расеі супраць Украіны. Летам мінулага году IKEA ненадоўга аднавіла онлайн-продажы, і частка кампаніі па-ранейшаму кіруе 14 гандлёвымі цэнтрамі пад маркай MEGA ў Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Менскі рэжым зарабляе на вайне», — эканаміст РаманчукСкандал з IKEA у Беларусі
З IKEA зьвязаны буйны скандал, якія разгарэўся ў Беларусі ў апошнія месяцы. Нямецкая газэта Die Tageszeitung сумесна з францускім выданьнем Disclose падрыхтавалі расьсьледаваньне аб дзейнасьці швэдзкага рытэйлера IKEA у Беларусі. У ім гаворыцца, што канцэрн актыўна супрацоўнічаў зь беларускімі пастаўнікамі, якія выкарыстоўвалі працу зьняволеных, у тым ліку палітвязьняў.
Пасьля вывучэньня сотняў дакумэнтаў і інтэрвію зь дзясяткамі сьведкаў расьсьледаваньне прыйшло да высновы, што швэдзкая кампанія закупляла матэрыялы, выкарыстоўваючы прымусовую працу беларускіх зьняволеных. І гэта адбывалася пры тым, што беларускія турэмнікі не хаваюць сваёй камэрцыйнай дзейнасьці. Рэпрэсіі супраць беларускага насельніцтва, якія пастаянна ўзмацняюцца, і жорсткасьць рэжыму, які карае сьмерцю сваіх асуджаных, не прывялі да якіх-небудзь зьменаў у кампаніі IKEA. За працу вязьні атрымлівалі $2 у месяц, гаворыцца ў расьсьледаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкая і француская газэты апублікавалі расьсьледаваньне аб супрацоўніцтве IKEA зь беларускімі калёніяміГэтай інфармацыяй абурыўся беларускі акцыяніст Пётра Маркелаў, які вучыцца ў Чэхіі. У лістападзе 2022 ён у праскай краме IKEA пасек тумбачкі, абліў іх фарбай і праз рупар па-ангельску абвясьціў, што рэагуе такім чынам на супрацу кампаніі з уладамі Беларусі. ІКЕА ацаніла шкоду ў 205 658 чэскіх крон, што ў эквіваленце складае амаль 8,5 тысячы эўра. Беларус папрасіў дапамогі, іначай яго накіруюць на 200 гадзін папраўчых работ.
У сакавіку 2023 году тавары IKEA зьявіліся ў беларускай гандлёвай сетцы «Эўраопт», хаця летась швэды заяўлялі пра тое, што пакінулі беларускі рынак. Пакуль асартымэнт тавараў IKEA ў «Эўраопце» невялікі, у асноўным гэта тавары для кухні (нажы, талеркі, лапаткі, наборы лыжак і відэльцаў і г.д.), а таксама ёмістасьці для мыла, вешалкі, шуфлік са шчоткай і інш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акцыяніст Маркелаў просіць дапамагчы з аплатай штрафу за шкоду краме ІКЕА ў Празе