Спэцназ Судану паведаміў, што ўзяў пад кантроль тры аэрапорты і прэзыдэнцкі палац. Войска Судану абвяргае гэтае цьверджаньне.
У сталіцы Судану Хартуме 15 красавіка адбываюцца сутыкненьні паміж войскам краіны і ваенізаванай групоўкай «Сілы хуткай падтрымкі» (RSF).
Што не падзялілі
У рамках прапанаванага пераходу да грамадзянскага кіраваньня Сілы хуткай падтрымкі павінны быць інтэграваныя ў склад узброеных сіл, але генэралы ня могуць дамовіцца, калі гэта павінна адбыцца, спрэчка перарасла ва ўзброеную барацьбу.
У RSF заявілі, што сілы рэгулярнага войска Судану ўвайшлі на адну з баз спэцназу ў Хартуме і абстралялі яе з розных відаў узбраеньня. У сваю чаргу прадстаўнік арміі Судану абвінаваціў RSF у нападзе на некалькі вайсковых лягераў у Хартуме і ў іншых месцах.
Адкуль там украінскія самалёты
Падчас баёў у аэрапорце Хартуму пацярпелі некалькі самалётаў. Міністэрства замежных спраў Украіны пракамэнтавала распаўсюджаны ў СМІ пост украінскай сцюардэсы аб нібыта захопе ўкраінскіх закладнікаў у Хартуме.
«Інфармацыя аб захопе ўкраінскіх закладнікаў не пацьвярджаецца. Падчас абвастрэньня сытуацыі члены экіпажу ўкраінскай авіяцыі знаходзіліся ў міжнародным аэрапорце Хартуму. Гэтую групу людзей удалося вывесьці. Цяпер яны знаходзяцца ў бясьпечным месцы. Імі апякуецца ганаровы консул Украіны ў Судане. МЗС і амбасада Ўкраіны ў Эгіпце трымаюць на асаблівым кантролі пытаньне бясьпекі грамадзянаў Украіны ў Судане», – заявіў у камэнтары «Радыё Свабода» прэс-сакратар МЗС Алег Ніколенка.
У суботу, 15 красавіка, падчас спробы дзяржаўнага перавароту ў Судане загарэўся Boeing 737 украінскай авіякампаніі SkyUp.
У авіякампаніі пацьвярджаюць, што на адным з двух самалётаў авіякампаніі, якія знаходзяцца ў аэрапорце горада Хартум (сталіца Судана) спрацаваў аварыйны радыёбуй.
- Самалёты SkyUp Airlines базуюцца ў Судане ў адпаведнасьці з кантрактам ACMI з Sun Air. Ад пачатку 2023 году яны выконвалі рэйсы ў Каір (Егіпет), Эр-Рыяд і Джыду (Саудаўская Аравія).
З чаго гэта пачалося
- «Сілы хуткай падтрымкі» ў 2019 годзе падтрымалі ваенны пераварот, у выніку якога быў адхілены ад улады аўтарытарны прэзыдэнт Судана Амар аль-Башыр. У 2021 годзе арганізацыя, у якой каля 100 тысяч чалавек, падтрымала другі ваенны пераварот, які адклаў перадачу ўлады цывільнай адміністрацыі.
- Кіраўнік арганізацыі Мухамед Хамдан Дагала (Хамідці) займае пасаду намесьніка старшыні Сувэрэннай рады, якая кіруе краінай. Ён заяўляў, што шкадуе аб перавароце 2021 году, і выступіў за пераход улады да цывільнай адміністрацыі.
- Войска і цывільныя чыноўнікі ў сваю чаргу патрабуюць, каб «Сілы хуткай падтрымкі» ўключылі ў склад узброеных сіл. Перамовы аб гэтым павінны былі скончыцца да 1 красавіка, аднак заплянаванае падпісаньне пагадненьня перанесьлі на нявызначаны тэрмін.
- У 2022 годзе Дагала наведваў Маскву і выказваўся ў падтрымку будаўніцтва расейскай вайсковай базы на Чырвоным моры, якое было ўзгоднена Амарам аль-Башырам незадоўга да перавароту 2019 году.
- У Судане дзейнічае расейская групоўка ПВК «Вагнэр». Яна навучала мясцовых вайскоўцаў. Супрацоўніку зьвязанай зь ёй кампаніі па здабычы золата на гэтым тыдні прадʼявілі абвінавачаньне ў кантрабандзе.