Загадчыцу навукова-экспазыцыйнага аддзела Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка Тамару Джумантаеву звольнілі падчас адбываньня адміністрацыйнага арышту, паведаміла BPN крыніца, якая пажадала застацца неназванай.
13 красавіка Тамара Джумантаева выйшла на волю пасьля 15-дзённага арышту разам з фатографам Кірылам Смаляковым і электрыкам запаведніка (імя невядома).
29 і 30 сакавіка было затрымана больш за 10 жыхароў Полацку і Наваполацку, сярод якіх — былая дырэктарка ўстановы, загадчыца навукова-экспазыцыйнага аддзелу Тамара Джумантаева і фатограф Кірыл Смалякоў. Іх арыштавалі на 15 дзень па арт. 19.11 КаАП (за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).
Таксама затрымалі іншых супрацоўнікаў запаведніка, у прыватнасьці, Аксану Шафран, Аксану Козел, Вольгу Філімонаву, Вікторыю Бабко, Надзею Язьмер і Алену Ходзікаву. Частку затрыманых вызвалілі, забраўшы тэхніку і прызначыўшы даты судоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля адміністрацыйных арыштаў вызваляюць супрацоўнікаў Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка- 14 красавіка на волю пасьля арышту выйшлі старшы навуковы супрацоўнік Полацкай мастацкай галерэі Аляксандра Касьцюкевіч і Алена Ходзікава, якая раней звольнілася з запаведніка па ўласным жаданьні.
- 8 красавіка пасьля 10-сутачнага арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» ня вызвалілі супрацоўніка Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, кандыдата філязофскіх навук Ігара Бортніка. 10 красавіка суд Наваполацку арыштаваў яго яшчэ на 13 сутак на падставе пратаколу, складзенага паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).
- Наваполацкага фатографа Ігара Супранёнка 11 красавіка паўторна арыштавалі яшчэ на 15 дзён. Першы раз Супранёнка затрымалі 29 сакавіка каля яго дому і арыштавалі на 15 дзён па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць).