Плянуецца, што аўтаматычная міжплянэтная станцыя «Juice» даляціць да Юпітэра да 2031 году. Палёт будзе праходзіць па траекторыі, якая выкарыстоўвае гравітацыйны манэўр, — апарат спачатку пройдзе каля Вэнэры, потым вернецца да Зямлі, пасьля гэтага пройдзе каля Марса, зноў вернецца да Зямлі і ўжо пасьля гэтага адправіцца да Юпітэра.
Згодна з плянам праграмы, станцыя павінна вывучыць тры з чатырох найбуйнейшых спадарожнікаў Юпітэра: Эўропу, Каліста і Ганімэд. Апошняму будзе аддадзеная найбольшая ўвага.
Ганімэд унікальны тым, што гэта адзіны з усіх спадарожнікаў плянэт, які генэруе ўласнае магнітнае поле, — адзначае навуковае выданьне N+1. Ён пакрыты лёдам, на яго палярных шапках ёсьць лёд, у атмасфэры заўважаныя палярныя зьзяньні, а сам астранамічны аб’ект большы, чым Мэркурый і Плютон. Навукоўцы лічаць, што пад паверхняй лёду на плянэце можа быць акіян з салёнай вадой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NASA аб’явіла імёны чатырох астранаўтаў місіі да Месяца«Juice» будзе вывучаць спадарожнік з пралётных траекторый і выйдзе на яго арбіту. Ён будзе картаграфаваць Ганімэд, вывучаць яго магнітнае поле і паспрабуе спраўдзіць гіпотэзу аб існаваньні на ім акіяна.
На іншых спадарожніках «Juice» вывучыць хімічны склад паверхні і структуру акіянаў. Пры назіраньнях за Эўропай асаблівая ўвага будзе аддавацца пошуку арганічных злучэньняў, піша N+1. Навукоўцы мяркуюць, што акіян на плянэце прыдатны для зараджэньня жыцьця.