Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NASA аб’явіла імёны чатырох астранаўтаў місіі да Месяца


Цырымонія прадстаўленьня астранаўтаў місіі «Артэміда 2», Х'юстан, ЗША, 3 красавіка 2023 году
Цырымонія прадстаўленьня астранаўтаў місіі «Артэміда 2», Х'юстан, ЗША, 3 красавіка 2023 году

Амэрыканскае касьмічнае агенцтва NASA аб’явіла імёны чатырох астранаўтаў, якія ўвойдуць у склад місіі «Артэміда 2». Яна адправіцца да Месяца ў наступным годзе.

У склад місіі ўвайшлі амэрыканцы Крыстына Кук, Віктар Гловэр, Рэйд Уайзмэн і канадзец Джэрэмі Гансэн.

Астранаўты стануць першымі людзьмі, якія зьдзейсьняць палёт паблізу Месяца за больш як 50 гадоў. Яны паляцяць на борце ракеты новага пакаленьня і касьмічнай капсулы «Арыён». Пасадкі на Месяцы экіпаж ня зробіць, але абляціць спадарожнік Зямлі, правяраючы працаздольнасьць «Арыёна».

Паведамленьне NASA прывітаў прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн. Паводле ягоных слоў, адпраўка астранаўтаў да Месяца натхніць наступнае пакаленьне дасьледчыкаў космасу.

Калі місія «Артэміда 2» будзе пасьпяховай, то ЗША адправяць экіпаж на Месяц у 2025 годзе. У гэтым выпадку Крыстына Кук стане першай жанчынай, якая пабывае на паверхні спадарожніка Зямлі.

У канцы мінулага году Месяц абляцеў новы касьмічны карабель NASA, без астранаўтаў.

У 2030-х гадах адправіць першых тайканаўтаў на Месяц плянуе Кітай. У амэрыканскім касьмічным агенцтве раней выказвалі асьцярогі, што Пэкін можа паспрабаваць замацаваць за сабой найбагацейшыя рэсурсамі ўчасткі Месяца і не дапусьціць на іх ЗША. У КНР гэтыя паведамленьні адкінулі.

Амбітную праграму вывучэньня Месяца раней анансавала Расея. Былы прэзыдэнт «Раскосмасу» Дзьмітры Рагозін абяцаў пілятаваны аблёт спадарожніка да 2024 году, а высадку першых касманаўтаў на яго — да 2030-га. Пазьней тэрмін высадкі ссунуўся ў плянах «Раскосмасу» на год, а аблёту — адразу на чатыры гады, але і гэтыя тэрміны экспэрты лічаць нерэалістычнымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG