У Беларусі колькасьць аднаго са злучэньняў, якое ўваходзіць у склад Заходняга апэратыўнага камандаваньня, павялічылі за кошт мабілізаваных на 6 тысяч вайскоўцаў, і цяпер іх вучаць у рамках захадаў пераводу зь мірнага на ваенны час, паведаміла Мінабароны Беларусі.
«Завяршылі прыём мабілізацыйных рэсурсаў. Лік злучэньня даведзены да 6 тысяч чалавек. З захаваньня зьнялі ўзбраеньне, вайсковую і спэцыяльную тэхніку», — паведаміла Міністэрства абароны Беларусі ў сваім тэлеграм-канале.
Навучаньні мабілізаваных адбываюцца ў межах праверкі баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл Беларусі, якую распачалі з 3 красавіка на выкананьне даручэньня Аляксандра Лукашэнкі.
Імаверна, мова ідзе аб тых вайсковых частках, якія знаходзяцца каля межаў з Польшчай і Літвой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускім лекарам уручаюць позвы на зборы ў войска «для праверкі баявой гатоўнасьці»Міністэрства абароны Беларусі 3 красавіка паведаміла аб пачатку праверкі баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл краіны. Праверка адбываецца пасьля даручэньня Аляксандра Лукашэнкі.
Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч заявіў, што праверка боегатоўнасьці мае плянавы характар, але будзе ісьці доўга і на розных палігонах і ў мясцовасьцях.
Апошняя праверка баявой здольнасьці Ўзброеных сіл Беларусі праводзілася летась. Яна была абвешчана раптоўна і доўжылася з 13 да 19 сьнежня 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мэдыя-Палесьсе»: У Лунінцы прадстаўнікі ваенкаматаў хапаюць мужчын — каго на вуліцы, каго проста з ложкаЗ пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў. Ад пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, якое падтрымала кіраўніцтва Беларусі, колькасьць вайсковых вучэньняў на беларускай тэрыторыі значна павялічылася.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дало вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне адрэагавалі на правядзеньне ў Беларусі праверкі баявой гатоўнасьці войска