У Горадні затрымалі ўладальніка этнакрамы «Цудоўня» Андрэя Несьцяровіча
Андрэя Несьцяровіча затрымалі 14 красавіка. Зь якой прычыны — пакуль невядома, піша @nebovkletku.
Зь ім разам у РАУС даставілі Кацярыну Шуст, але пазьней яе вызвалілі. Кацярыну ўжо арыштоўвалі ў сакавіку 2023 году, але пазьней адпусьцілі.
У Горадзенскім раёне затрымалі юрыста і сакратара БРСМ
На відэа сілавікоў Уладзімер Якубашка кажа, што яго затрымалі за перасылку дадзеных супрацоўнікаў крымінальнага вышуку ў 2020 годзе і перасылку дадзеных супрацоўніц АМАП, а таксама за падпіску ў Instagram на «экстрэмісцкія» каналы.
ГУБАЗіК удакладняе, што пакуль Якубашку зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, прававую ацэнку распаўсюду асабістых дадзеных міліцыянтаў дадуць пазьней, піша @Grodno_grab.
Уладзімеру Якубашку 28 гадоў, ён працуе юрысконсультам Сельскагаспадарчага вытворчага каапэратыву імя Дзеньшчыкова, таксама ён узначальвае там ячэйку БРСМ.
Чатыры гады пазбаўленьня волі за адміністраваньне тэлеграм-каналу
Такі вырак менскі суд вынес Уладзімеру Астапчыку. У Менскім гарадзкім судзе агучылі прысуд Уладзімеру Астапчыку, абвінавачанаму паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу ў распальваньні сацыяльнай варожасьці, які піша «Вясна». Справу разглядала судзьдзя Вера Галаўкова.
У ходзе судовага працэсу, які пачаўся 7 красавіка, высьветлілася, што Ўладзімер нібыта быў адміністратарам тэлеграм-канала, у якім публікаваліся кадры з акцый пратэсту на станцыі мэтро «Пушкінская» ў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 13 красавіка: затрымалі былога выкладчыка менскай ВНУ; дырэктарку «Слаўцэнтру» аштрафавалі, але ня вызваліліПалітвязьня Андрэя Сьцепанькова, які адбывае пакараньне, зьбіраюцца судзіць ізноў
У Гомельскім абласным судзе прызначылі дату разгляду новай крымінальнай справы супраць палітзьняволенага жыхара пасёлку Ільіч Рагачоўскага раёну Андрэя Сьцепанькова. Суд пачнецца 26 красавіка і будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Справу будзе разглядаць судзьдзя Аляксандар Піскуноў, паведамляе «Вясна».
Андрэю Сьцепанькову прад’явілі новыя абвінавачаньні, і іх значна болей, чым было падчас першага суду:
- ч. 1 і ч. 2 арт. 367 — паклёп на Лукашэнку;
- ч. 3 арт. 203-1 — незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных;
- ч. 1 арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
- ч. 3 арт. 361 — заклікі да санкцыяў, іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі;
- арт. 188 — паклёп;
- арт. 369-1 — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;
- арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады;
- ч. 1 арт. 130 — распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці або варажнечы;
- ч. 1 арт. 368 — абраза Лукашэнкі.
Андрэя Сцепанькова затрымалі 16 верасьня 2021 году паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 391 КК (абраза судзьдзі ці народнага засядацеля) і ч. 1 арт. 368 КК (абраза Аляксандра Лукашэнкі). 1 верасьня 2022 году адбыўся разгляд справы: палітвязьня прызналі вінаватым і асудзілі на 2 гады і 6 месяцаў зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. 9 лістапада Андрэя этапавалі ў шклоўскую ПК № 17.
Прадпрымальніка з Зэльвы адначасова перасьледуюць па адміністрацыйнай і крымінальнай справах
Прадпрымальніка з Зэльвы Віктара Ламеку затрымалі 29 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіК. Першапачаткова на яго склалі пратакол па адміністрацыйным артыкуле 19.11 КаАП РБ (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), па ім яго аштрафавалі.
Ня даўшы Ламеку нават пакінуць будынак суду, сілавікі зноў затрымалі яго і зноў склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП РБ. Пасьля гэтага на волю Ламека ўжо ня выйшаў.
Як стала вядома MAYDAY TEAM, прадпрымальнік цяпер у СІЗА, яму прад’яўлена абвінавачаньне ўжо па крымінальным артыкуле за паклёп у дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі (арт. 367 КК РБ).
Ужо калі мужчына знаходзіўся ў сьледчым ізалятары, на яго склалі яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол па тым жа арт. 19.11 КаАП РБ. Такім чынам, цягам паўмесяца на Віктара Ламеку склалі адразу тры «адміністратыўкі» і завялі крымінальную справу.
Калі прадпрымальнік ужо быў у СІЗА, стала вядома, што памерла ягоная маці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 12 красавіка: затрымалі дырэктарку Цэнтру славянскіх моваў і культураў; сына Лябедзькі зноў асудзіліЖыхара Пінску асудзілі за абразы прадстаўнікоў улады і дадалі «наркатычны» артыкул
У судзе Пінскага раёну і гораду Пінску ў закрытым рэжыме вынесьлі прысуд 40-гадоваму Алегу Стасюку. Судовы працэс вёў судзьдзя Ігар Клімовіч, пракурор — Ільля Гузарэвіч, паведамляе «Вясна».
Як паведаміў у роліку дзяржТБ пракурор Гузарэвіч, мужчыну судзілі за інтэрнэт-камэнтары. Аднак калі да Стасюка прыйшлі зь ператрусам, дома ў яго знайшлі «абсталяваньне для вырошчваньня» канапель, марыхуану, расьліны канапель. Акрамя таго, на кампутары знайшлі «вырабленае порна», на якім Стасюк, на думку сьледзтва, «незаконна зарабіў ня менш за 775$».
Сумарна па ўсіх артыкулах, шляхам частковага складаньня злачынстваў, Стасюку прысудзілі чатыры гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 7400 рублёў.
За распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў затрымалі 37-гадовую Алесю Шмялёву
Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, Алеся Шмялёва была падпісаная на «экстрэмісцкія» каналы, адкуль перасылала паведамленьні сваім сяброўкам. Акрамя таго, яна нібыта была адміністратаркай аднаго з такіх чатаў, паведамляе «Вясна».
У Мёрах за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў работніка мясакамбінату арыштавалі на 7 сутак
Судзьдзя суду Мёрскага раёну Ірына Яскевіч 4 красавіка пастанавіла за распаўсюд «экстрэмісцкіх» публікацый у Інстаграме арыштаваць жыхара Мёраў Яўгена Бурака на 7 дзён, паведамляе «Вясна».
Згодна з пратаколам, які паступіў у суд з аддзяленьня міліцыі, Яўген у асабістым профілі, адкрытым для агляду 306 падпісчыкам, «разьмясьціў і захоўваў з мэтай распаўсюду інфармацыйную прадукцыю, уключаную ў рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Падчас суду мужчына патлумачыў, што падпісаўся на названую інтэрнэт-старонку ў 2020 годзе, калі яе яшчэ не не прызналі «экстрэмісцкай».
Яўген Бурак працуе абвальшчыкам мяса на мясцовым мясакамбінаце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 11 красавіка: Наваполацкі суд арыштаваў фатографа Ігара Супранёнка яшчэ на 15 сутакАсуджанага да «хатняй хіміі» экс-удзельніка шоў «Дом-2» арыштавалі на 15 сутак за парушэньне рэжыму
За парушэньне рэжыму адбыцьця пакараньня суд арыштаваў на 15 сутак асуджанага на 3 гады «хатняй хіміі» палітвязьня Давіда Анташвілі, расказаў «Медиазоне» яго знаёмы. Анташвілі затрымалі 7 красавіка, цяпер ён у ІЧУ.
Сілавікі затрымалі экс-удзельніка шоў «Дом-2» Давіда Анташвілі ў кастрычніку 2022 году. У сьнежні 2022 году суд прысудзіў яму 3 гады «хатняй хіміі» паводле «народнага» арт. 342 КК.
У «Сьпіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 21 прозьвішча — цяпер у ім 2712 чалавек
14 красавіка МУС дадала ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», яшчэ 21 чалавека.
Акрамя іншых, у сьпіс дадалі палітвязьняў — «рэйкавых партызанаў» Дзьмітрыя Равіча, Дзяніса Дзікуна і Алега Малчанава, мужа і жонку Аляксандра і Тацяну Біруляў, айцішніка Дзьмітрыя Буйвідовіча.
Вырак за «абразу» Лукашэнкі
Суд Ленінскага раёну Берасьця 29 сакавіка абвінаваціў берасьцейца Ігара Сьвірыду ў «абразе Аляксандра Лукашэнкі» паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу.
Справу разглядаў судзьдзя Андрэй Грушко. Ён пакараў Сьвірыду 1 годам калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму, піша «Вясна».
Як паведамляе «Вясна», Ігар Сьвірыда 13 лютага, знаходзячыся ў аддзеле прымусовага выкананьня, пісаў тлумачальную пра нявыплачаныя штрафы за розныя адміністрацыйныя правапарушэньні, і ў ёй «выказаў нэгатыўную ацэнку асобы Лукашэнкі, прадстаўленую ў выглядзе ненарматыўнай формы маўленьня». Пасьля гэтага, калі на яго выклікалі міліцыю, ён ужо вусна другі раз абразіў Лукашэнку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 10 красавіка: Палітвязьня засудзілі на 3 гады «хатняй хіміі» за пратэсты-2020; навукоўцу далі суткі за публікацыі ў 2019Вырак за «паклёп на Лукашэнку»
У Лунінцы 29 сакавіка 43-гадовую мясцовую жыхарку Тамару Каравай абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку (ч. 1 арт. 367 КК).
Справу разглядала судзьдзя Лунінецкага раённага суду Кацярына Клеўжыц.
Згодна з матэрыяламі справы, Тамара Каравай у сьнежні 2022 году праз мэсэнджар у сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» разьмясьціла ў інтэрнэце нібыта паклёпніцкія зьвесткі пра Лукашэнку.
У студзені 2023 году жанчыну ўзялі пад варту. Тамару пакаралі 2 гадамі калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. У Тамары Каравай на ўтрыманьні непаўналетняе дзіця, паведамляюць праваабаронцы.