Генэральная пракуратура Расеі заявіла, што пачала праверку сапраўднасьці абнародаванага відэазапісу, на якім расейскі салдат адразае галаву імаверна ўкраінскаму вайскоўцу.
«Для ацэнкі сапраўднасьці матэрыялаў і ўхваленьня адпаведнага рашэньня іх накіравалі ў сьледчыя органы для арганізацыі праверкі. Ход і вынікі праверкі пастаўленыя ў Генпракуратуры Расеі на кантроль», — адзначаецца ў паведамленьні расейскай Генпракуратуры.
У той жа час Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец у эфіры праграмы «Свабода. Раніца» паведаміў, што ва ўкраінскай выведцы ўжо «прыблізна ведаюць», хто мог так жорстка забіць чалавека, які можа быць украінскім ваеннапалонным.
«Учора я размаўляў з нашымі выведнымі органамі. Яны прыблізна ведаюць, хто гэта зрабіў, у якой мясцовасьці і хто непасрэдна ў гэтым удзельнічаў, у тым ліку хто непасрэдна быў выканаўцам», — сказаў Дзьмітро Лубінец.
На пытаньне аб тым, ці мог быць гэта найміт прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека адказаў:
«Гэта ўжо дэталі, якія я публічна не магу распаўсюджваць. Але магу сказаць, што, на мой погляд, наша выведка спрацавала максымальна эфэктыўна».
У Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны не агучылі зьвестак, якімі ў эфіры ўкраінскай службы Радыё Свабода падзяліўся Дзьмітро Лубінец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: CNN: на апублікаваных відэазапісах імаверна расейцы адразаюць галаву ўкраінскаму вайскоўцу. У Кіеве адрэагаваліУвечары 11 красавіка ў сацыяльных сетках зьявіўся відэазапіс, на якім расейскія вайскоўцы катуюць украінскага палоннага і жывому адразаюць нажом галаву. Дзе і калі зьнялі відэа — невядома, па колькасьці зеляніны навокал можна меркаваць, што гэта адбывалася летам. Радыё Свабода пакуль ня можа ўстанавіць паходжаньне відэа.
Згодна з Жэнэўскай канвэнцыяй аб абыходжаньні з ваеннапалоннымі, падпісанай Расеяй, палонным павінны быць гарантаваныя жыцьцё і людзкія ўмовы ўтрыманьня. Пакараньне сьмерцю або жорсткае абыходжаньне з ваеннапалоннымі — ваенныя злачынствы.
13 красавіка былы найміт расейскай прыватнай вайсковай кампаніі Андрэй Мядзьведзеў, які ўцёк у Нарвэгію, заявіў, што пазнаў сваіх колішніх саслужыўцаў. Паводле яго, менавіта яны адрэзалі галаву жывому ўкраінскаму палоннаму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колішні баец ПВК «Вагнэр» пазнаў сваіх таварышаў на відэа жорсткага забойства ўкраінскага палоннагаВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.