Закон «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях дзейнасьці палітычных партый і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў» перад падпісаньнем не абмяркоўваўся ў Канстытуцыйным судзе і ніякіх заключэньняў аб ім Канстытуцыйны суд не рабіў, адзначае газэта «Народная воля».
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) ў сваім звароце падкрэсьліла, што ў зьменах і дапаўненьнях у закон зьмяшчаецца больш шырокі круг абмежаваньняў, што зьяўляецца неправамерным.
«Гэтае палажэньне робіць больш жорсткімі ўмовы стварэньня палітычных партый і пры абавязковай перарэгістрацыі прывядзе шмат якія партыі да ліквідацыі», — адзначалі аўтары звароту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падпісаў закон, які абавязвае партыі адкрываць свае аддзяленьні ў кожным трэцім раёнеШто адказалі ў Канстытуцыйным судзе
«Народная воля» публікуе афіцыйны адказ начальніка сакратарыяту Канстытуцыйнага суду Селядзеўскага.
«Разгляд Канстытуцыйным судом пытаньня аб адпаведнасьці закону Рэспублікі Беларусь ад 14 лютага 2023 году № 251-3 „Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях дзейнасьці палітычных партый і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў“ (яго асобных палажэньняў) Канстытуцыі магчымы толькі ў выпадку ўнясеньня ў Канстытуцыйны суд адпаведнай прапановы адным з упаўнаважаных суб’ектаў», — напісаў Селядзеўскі.
Да такіх суб'ектаў адносяцца прэзыдэнт, палаты Нацыянальнага сходу, Вярхоўны суд, урад. Такім чынам, зварот партыі быў фактычна праігнараваны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар юстыцыі Беларусі анансаваў перарэгістрацыю палітычных партыйНовым законам прадугледжана павелічэньне мінімальнага парога колькасьці для стварэньня палітычнай партыі, неабходнасьць стварэньня арганізацыйных структур палітычных партый у кожнай вобласьці і ў Менску.
Пасьля падпісаньня закона Аляксандар Лукашэнка даручыў правесьці перарэгістрацыю партый.
Што ў законе новага
Закон прадугледжвае:
- павелічэньне мінімальнага парога колькасьці для стварэньня палітычнай партыі да 5000 чалавек;
- неабходнасьць стварэньня арганізацыйных структур палітычных партый у кожнай вобласьці і горадзе Менску, а таксама ня менш як у 1/3 раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкаваньня ва ўсіх абласьцях краіны і ня менш як у 1/3 раёнаў Менску;
- выключэньне забароны фінансаваньня за кошт сродкаў рэспубліканскага або мясцовага бюджэту;
- павышэньне патрабаваньняў да заснавальнікаў палітычнай партыі, якімі змогуць быць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць у нашай краіне і дасягнулі 18-гадовага ўзросту;
- выбары кіроўнага органа палітычнай партыі не радзей за адзін раз на пяць гадоў;
- абмежаваньне памеру грашовых сродкаў і іншай маёмасьці ад адной арганізацыі або грамадзяніна да 1000 базавых велічынь на год;
- магчымасьць ліквідацыі палітычнай партыі ў выпадку прапаганды вайны, тэрарыстычнай, экстрэмісцкай, іншай забароненай заканадаўствам дзейнасьці, дзейнасьці, якая наносіць шкоду дзяржаўным і (або) грамадзкім інтарэсам, а таксама атрыманьня грашовых сродкаў і іншай маёмасьці з замежных крыніц;
- вызначэньне ўнівэрсальных асноўных мэт і задач, якія павінны быць замацаваны ў статутах, разам зь іншымі мэтамі і задачамі, спэцыфічнымі для кожнай палітычнай партыі (забесьпячэньне непахіснасьці канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды, удзел у кіраваньні дзяржавай праз сваіх прадстаўнікоў, садзейнічаньне рэалізацыі і абароне правоў, свабод і інтарэсаў грамадзян і інш.);
- неабходнасьць перарэгістрацыі палітычных партый цягам 6 месяцаў.
Сярод прапанаваных навацый у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб грамадзкіх аб’яднаньнях»:
- вызначэньне абавязку для рэспубліканскіх грамадзкіх аб’яднаньняў мець арганізацыйныя структуры ва ўсіх абласьцях краіны і Менску;
- магчымасьць падачы дакумэнтаў для дзяржаўнай рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў у электронным выглядзе;
- спрашчэньне патрабаваньняў да юрыдычнага адрасу грамадзкага аб’яднаньня.
Ціск на палітычныя партыі
Ціск на палітычныя партыі і «зачыстка» палітычнага поля ад партый, ня згодных з палітыкай Лукашэнкі, адбываецца з 2020 году. Некаторыя іх дзеячы ў турмах. Лідэры дзьвюх зарэгістраваных партыяў (АГП і БНФ) Мікалай Казлоў і Рыгор Кастусёў, а таксама лідэр аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі (БХД) Павал Севярынец асуджаныя паводле «палітычных» артыкулаў.
У жніўні 2022-га кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сергеенка казаў, што ў Беларусі цяпер функцыянуюць 15 палітычных партый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апазыцыйных партыяў у Беларусі больш ня будзе. Думка Юрыя Дракахруста