Як паведамімў Праваабарончы цэнтар Вясна, да затрыманай у Круглым Аліне Горавай увечары 30 сакавіка выклікалі хуткую дапамогу. На той момант яна яшчэ знаходзілася ў Круглянскім РАУС і чакала адпраўкі ў магілёўскае СІЗА.
Паводле праваабаронцаў, у дзяўчыны абвастрыліся хранічныя захворваньні. Сілавікі не далі яе шпіталізаваць, патлумачыўшы гэта тым, што ў СІЗА, куды яна павінна была пасьля накіравацца, ёсьць дзённы стацыянар.
У сакавіку сілавікі правялі ператрусы і затрыманьні ў Круглым Магілёўскай вобласьці. Распачалі крымінальную справу па артыкуле 342 КК аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Быў арыштаваны адзін з самых пасьпяховых мясцовых прадпрымальнікаў Аляксандр Калін. У межах гэтай крымінальнай справы пасьля ператрусаў ўзялі пад варту на 72 гадзіны жыхароў Круглага Аліну Гораву, Улада Лагуценку і былога галоўны доктара санстанцыі Аляксея Цыганова. Дачку і сына Аляксандра Каліна адпраўлялі на «суткі» ў ІЧУ, а 29 сакавіка ператрусы прайшлі ў ягонага бацькі і жонкі.
Аліна Горава родам з горада Круглае Магілёўскай вобласці. З 2018 года дзяўчына вучылася ў Барысаўскім дзяржаўным політэхнічным каледжы на спэцыяльнасці «геалёгія».
27 сакавіка яна атрымала дыплём каледжа, але на сьвята не засталася і вымушаная была паехаць дадому: да бацькоў прыйшлі і паведамілі, што на вечар гэтага дня Аліну выклікаюць у Круглянскі РАУС. Па легендзе сьледчага — толькі як сьведку ў справе ўдзелу ў пратэстах нейкага прадпрымальніка.
Дзяўчыну затрымалі па прыезьдзе ў Круглае проста на аўтобусным прыпынку. Аліне абвясьцілі, што яна затрыманая ў крымінальнай справе за ўдзел у маршах, імаверна, паводле артыкулу 342. Неўзабаве ў яе адбыўся ператрус і допыт.
Яе расказваюць праваабаронцы, у ІЧУ Круглянскага РАУС было вельмі холадна. Дзяўчыне ня выдалі матраца, ёй давялося спаць на голых дошках, забаранілі накрывацца нават уласнымі рэчамі.
Праз тры дні Аліне стала дрэнна. У Аліны паднялася тэмпэратура, а таксама абвастрылася хранічнае захворваньне нырак і жаночых органаў. Ёй выклікалі «хуткую» (аб прыезьдзе «хуткай» у Круглянскі РАУС раней паведамлялі магілёўскія праваабаронцы), але забаранілі шпіталізацыю: сілавікі матывавалі гэта тым, што ў турме № 4 у Магілёве, куды яе мусяць перавесьці, ёсьць лякарня.
Але, наколькі вядома, пасьля этапу нічога не зьмянілася. Турэмны лекар у Магілёўскім СІЗА, па словах праваабаронцаў, не прапісаў дзяўчыне антыбіётыкаў, нягледзячы на дрэнныя аналізы.
На дзясятыя суткі стан яе пагоршаў, болі ўзмацніліся, запаленьне прагрэсавала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 1 красавіка: затрыманьні ў Дзяржынску; ператрус у сваякоў экс-«каліноўца»; наступствы зачысткі ў Круглым