Аляксандар Лукашэнка 10 красавіка аднавіў дзеяньне ўказу нумар 345 ад жніўня 2018 году «Аб рэгістрацыі цэнаў на лекавыя сродкі», які быў прыпынены ў красавіку 2020 году.
Указ прадугледжвае рэгістрацыю гранічных адпускных цэнаў вытворцаў на лекі, якія прадаюцца ў Беларусі.
Пасьля падпісаньня ўказу Лукашэнкам урад мае вызначыць пералік лекавых прэпаратаў і скарэктаваны мэханізм рэгістрацыі гранічных адпускных цэнаў вытворцаў на іх.
У жніўні 2018 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 345 «Аб рэгістрацыі цэнаў на лекавыя сродкі», які рэглямэнтуе цэны на 37 міжнародных найменьняў прэпаратаў для лекаваньня анкалягічных і сардэчна-сасудзістых захворваньняў.
Пра тое, што ў Беларусі адноўленая рэгістрацыя гранічных адпускных цэн на лякарствы, паведамляе і прэс-служба Міністэрства здароўя.
Урад на працягу трох месяцаў вызначыць пералік лекавых прэпаратаў, цэны на якія будуць рэгістравацца. Асноўным крытэрыем стане параўнаньне цаны канкрэтнага лекавага прэпарата з цэнамі на мэдыкаменты з такім жа гандлёвым найменьнем на замежных рынках (зьнешняе рэфэрэнтнае цэнаўтварэньне) або ў Беларусі (унутранае рэфэрэнтнае цэнаўтварэньне).
Міністэрства здароўя зазначае, што такі падыход дасьць магчымасьць «павысіць эфэктыўнасць кантролю за фармаваньнем цэн на лекі айчыннай і замежнай вытворчасьці», будзе «садзейнічаць больш справядліваму ўзроўню цэн на лекавыя прэпараты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці беларускія лекі горшыя за імпартныя? Тлумачыць дырэктар фармацэўтычнай кампаніі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь на 20-м месцы ў сьвеце ў колькасьці зьняволеных на 100 тысяч жыхароў