10 красавіка Менскі гарадзкі суд разглядаў адказнасьць паручальнікаў супрацоўніц парталу Tut.by Алены Талкачовай і Вольгі Лойкі, якія не зьявіліся на суд па «справе Tut.by». Як піша Sputnik.by, суд аштрафаваў трох паручальнікаў на 18 500 рублёў.
У рэдактаркі палітыка-эканамічнага аддзелу Вольгі Лойкі і журналісткі Алены Талкачовай была мера стрыманьня, не зьвязаная з пазбаўленьнем волі — асабістае паручальніцтва. На суд па «справе Tut.by» яны не прыйшлі, бо зьехалі зь Беларусі, абедзьвюх абвясьцілі ў вышук.
Менскі гарадзкі суд аштрафаваў кожнага з паручальнікаў Лойкі і Талкачовай — Валера Варанецкага, Яўгена Прэйгермана і Аляксандра Швяца — на 500 базавых велічынь (18 500 рублёў) кожнага. Гэта максымальная сума штрафу, прадугледжаная артыкулам КПК аб асабістым паручальніцтве.
Вольгу Лойку і Алену Талкачову абвінавацілі ў дапамозе ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў (частка 6 артыкула 16 і частка 2 артыкула 243 КК), распальваньні варожасьці (частка 3 артыкула 130 КК) і заклікам да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі Беларусі (частка 3 артыкула 3).
Талкачова і Лойка пакінулі Беларусь, улады абвясьцілі іх у міжнародны вышук, цяпер з падпісантаў хадайніцтваў зьбіраюцца спагнаць на карысьць дзяржавы суму абгаворанага закладу, піша БАЖ.
У суд выклікалі дэпутата Палаты прадстаўнікоў Валера Варанецкага і палітоляга Яўгена Прэйгермана, якія падпісаліся за Талкачову, а таксама старшыню Рэспубліканскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандра Швяца, які хадайнічаў за Лойку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марына Золатава ў лісьце з-за кратаў: «Нашыя суразмоўцы ў 2020-м гаварылі пра неабходнасьць дыялёгу. Цяпер пачытаць пра гэта няма дзе»Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву і дырэктарку ТАА «Тут бай мэдыа» Людмілу Чэкіну 17 сакавіка асудзілі на 12 гадоў калёніі кожную.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ўлады дагэтуль баяцца Tut.by і што б зрабіў Зісер. Адказвае адзін з заснавальнікаў Tut.by Кірыл ВалошынПра перасьлед Tut.by
- 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
- У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
- Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
- Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
- У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
- Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
- 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
- 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
- Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
- На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
- 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
- 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.