Вучэньні працягваюцца з суботы, 8 красавіка. У Пэкіне іх назвалі «суровым папярэджаньнем» уладам Tайваню пасьля візыту прэзыдэнкі Тайваню Цай Інвэнь у ЗША на мінулым тыдні.
Злучаныя Штаты заклікалі КНР праяўляць стрыманасьць. Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту папярэдзіў, што ў Вашынгтоне ўважліва сочаць за дзеяньнямі Пэкіну, і што ў ЗША дастаткова рэсурсаў і магчымасьцяў, каб выканаць абавязаньні перад саюзьнікамі ў галіне бясьпекі, піша Бі-бі-сі.
Раней прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ня раз падкрэсьліваў, што амэрыканскі бок умяшаецца, калі КНР атакуе Тайвань.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Кітай ня можа дапусьціць паразы Расеі ў вайне ва Ўкраіне?Пэкін лічыць Тайвань сваёй мяцежнай правінцыяй. КНР заўсёды востра рэагуе на публічныя кантакты амэрыканскіх палітыкаў з кіраўніцтвам Тайваню, настойваючы на тым, што яны падрываюць прынцып «аднаго Кітаю», які ЗША прызналі ў 1972 годзе.
Злучаныя Штаты не прызнаюць Тайвань незалежнай дзяржавай, як і большая частка краін ААН, але выступаюць рэзка супраць пагроз Кітаю сілай далучыць востраў. Згодна з амэрыканскім заканадаўствам, Вашынгтон можа аказваць тэрыторыі ваенную дапамогу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гандурас абвясьціў пра разрыў з Тайванем і ўстанаўленьне дыпляматычных стасункаў з КНР