Партал Delfi адзначае, што працягласьць участку складзе 63,9 км. На першым этапе работы часткова завершаны. Агароджу даўжынёй 54 км здаюць заказчыку. Яшчэ каля 31,8 км мяжы праходзіць па забалочанай мясцовасьці, будаўніцтва працягваецца.
«Мы ўжо можам бачыць рэальныя вынікі праведзенай работы. Гэта дазваляе прыступіць да будаўніцтва другой чаргі, — паведаміў выданьню старшыня праўленьня латвійскай кампаніі „Дзяржаўная нерухомая маёмасьць“ Рэнарс Грышкевічс. — Дзякуючы супрацоўніцтву ўсіх бакоў, уцягнутых у праект, атрымалася вырашыць большасьць праблем, з-за якіх працы зацягнуліся ў мінулым годзе».Грышкевічс упэўнены, што першы этап будаўніцтва агароджы будзе цалкам гатовы ў пачатку восені, а працы другой і трэцяй чэргаў пройдуць «па графіку», завершацца яны да канца 2024 году.
Паводле слоў чыноўніка, на трэцім этапе (16,7 км) праекту «неўзабаве можа пачацца праектаваньне і будаўніцтва шасьці вежаў сувязі з пад’язнымі шляхамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранцкі крызіс: за дзень 102 чалавекі спрабавалі трапіць у ЭЗ з тэрыторыі Беларусі, з пачатку году — больш за 8 тысячКошт дзьвюх чэргаў агароджы на латвійска-беларускай мяжы складае 102,7 млн эўра. У адпаведнасьці з плянам уладаў Латвіі гатовая агароджа расьцягнецца на 173 км.
Узьвядзеньне агароджаў стала адной зь мераў пераадоленьня мігранцкага крызісу на мяжы Беларусі і краін ЭЗ, што пачаўся вясной 2021 году. Кіраўніцтва Польшчы і краін Балтыі ўскладае адказнасьць за яго на рэжым Лукашэнкі, той у адказ называе прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.
Літва завяршыла ўзводзіць фізычны бар’ер на мяжы зь Беларусьсю ў канцы жніўня, а Польшча — у пачатку кастрычніка мінулага году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранцкі крызіс працягваецца: на беларуска-латвійскай мяжы памёр афганец