У суботу, 8 красавіка, памёр былы пракурор Нюрнбэрскага працэсу Бэнджамін (Бэн) Фэрэнц, які дамогся асуджэньня 22 камандзіраў нацысцкага рэжыму. Ён быў апошнім пракурорам Нюрнбэрскага працэсу, які дажыў да гэтага часу. Пра сьмерць паведаміла NBC News, ягоны сын пацьвердзіў СМІ сьмерць бацькі.
«У той час Фэрэнцу было 27 гадоў. Ён адыграў вырашальную ролю ў забесьпячэньні кампэнсацый тым, хто перажыў Галакост, і стварэньні Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе», — гаворыцца ў артыкуле выданьня.
11 сакавіка Бэну Фэрэнцу споўнілася 103 гады. Ён нарадзіўся ў 1920 годзе ў габрэйскай сям’і ў Вугоршчыне, затым ягоная сям’я пераехала ў ЗША і пасялілася ў Нью-Ёрку. Фэрэнц браў удзел у высадцы дэсанту ў Нармандыі ў часы ІІ Сусьветнай вайны, а пасьля зьбіраў доказы злачынстваў нацыстаў, дамагаўся ад ураду Заходняй Нямеччыны кампэнсацый ахвярам нацысцкага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Архіў Нюрнбэрскага працэсу апублікавалі ў інтэрнэцеВыказваўся ён і пра вайну Расеі супраць Украіны. Апошні пракурор Нюрнбэрскага працэсу лічыў, што прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна трэба прызнаць вінаватым у злачынствах супраць чалавечнасьці, учыненых расейскімі войскамі ва Ўкраіне. На яго думку, Пуціна можна пасадзіць, як некалі асуджанага за генацыд лідэра басьнійскіх сэрбаў Радавана Караджыча.
У Бэна Фэрэнца засталіся чацьвёра дзяцей. Ягоная жонка памерла ў 2019 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці могуць Лукашэнку асудзіць за ваенныя злачынствы ва Ўкраіне? Тлумачыць экспэртка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З «Галерэі славы» БДУ зьнікла згадка пра сваяка Мікіты Міхалкова. Падчас вайны ён кіраваў у Менску нацысцкай партыяй