«Нямецкі консул мне адмовіў у гуманітарнай візе, бо ён ня лічыць, што мне небясьпечна ехаць у Расею ці ў Беларусь, а ў Гішпаніі мне не далі легалізаваць мае сродкі, бо гэта, відаць, брудныя бабкі за брудныя жарты. Агулам, у нейкі момант у мяне з варыянтаў „дзе прама дакладна“ было толькі ехаць у Беларусь і здавацца Чык-Чырыку. Там я па дакумэнтах праходзіў, і па тэрмінах мяне чакалі», — пажартаваў Слава Камісаранка.
У выніку Камісаранка змог атрымаць «візу таленту» ў ЗША. Ён пажартаваў, што гэта «фактычна адзінае месца, куды мяне пускаюць», і дадаў, што ў яго «нічога не атрымалася з дакумэнтамі ні ў Польшчы, ні ў Гішпаніі, Ні ў Нямеччыне», а ў Турэччыне ён змог атрымаць часовы дазвол на жыхарства, але ён хутка заканчваецца, а новы не выдаюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі комік Слава Камісаранка: «Трэба было выступаць па-беларуску значна раней, бо Лукашэнка нічога не разумее»- Слава Камісаранка — вядомы стэндап-комік, ураджэнец Беларусі. Штогод даваў канцэрты ў розных гарадах Беларусі. Пасьля выбараў 2020 году Камісаранка неаднаразова выказваўся пра фальсыфікацыю вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі і асуджаў гвалт з боку сілавікоў. Таксама пасьля выбараў ён стаў часта жартаваць пра Лукашэнку ў сваіх стэндапах.
- Камісаранка лічыцца галоўным папулялізатарам мема «Чык-чырык» пра Лукашэнку. Аднойчы, падчас размовы з комікам Русланам Белым, яны пажартавалі, што Лукашэнка — адзіны прэзыдэнт, які ня можа паляцець у адпачынак, бо яго не пускаюць у многія краіны. «Аляксандра Рыгоравіча не пусьцілі на самалёт, а ён адказаў: «Ах, тады сам палячу! Чык-Чырык», — пажартаваў тады Камісаранка.
- У пачатку 2021 году Камісаранку забаранілі выступаць у Менску, ануляваўшы гастрольныя пасьведчаньні. У студзені 2022 году Слава Камісаранка расказаў, што КДБ Беларусі аб’явіла яго вышук. Паводле яго, беларускія сілавікі яму «тэлефанавалі і пісалі смс-кі», але ён на той момант ужо зьехаў у Кіеў. Таксама ён распавёў, супрацоўнікі КДБ шукалі ягоных бацькоў.
- У Беларусі на Камісаранку завялі крымінальную справу аб паклёпе на Аляксандра Лукашэнку, паведамлялі праўладныя тэлеграм-каналы і супрацоўнік расейскага тэлеканала RT Канстанцін Прыдыбайла.