Сховішча фэкальных адкідаў пад Маладэчнам ня будзе — улады адмовіліся ад будаўніцтва пасьля пратэсту жыхароў

Маладэчна, ілюстрацыйнае фота

Супраць будаўніцтва сажалкі-назапашвальніка «ападкаў гаспадарча-фэкальных сьцёкавых вод» каля вёскі Краснае Маладзечанскага раёна мясцовыя жыхары сабралі каля тысячы подпісаў, піша kraj.by.

Абмеркаваньні ў пытаньні будаўніцтва сажалкі-назапашвальніка прайшлі 30 сакавіка ў Красьненскім доме культуры. Сустрэча прайшла эмацыйна, а 7 красавіка жыхары Краснага даслалі Kraj.by дакумэнт, мяркуючы па зьмесьце якога, будаўніцтва сажалкі-назапашвальніка пад Маладэчнам ня будзе.

«Па выніках абмеркаваньня справаздачы аб узьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе, улічваючы шматлікія заўвагі па ёй, якія паступілі ў ходзе грамадзкіх абмеркаваньняў у розныя органы, улічваючы агульнае нэгатыўнае ўспрыняцьце грамадзкасьцю інфармацыі пра будаўніцтва аб’екту, камісія прыняла рашэньне пра немагчымасьць і немэтазгоднасьць рэалізацыі плянаванай гаспадарчай дзейнасьці на меркаванай тэрыторыі зыходзячы з экалягічных і зьвязаных зь імі сацыяльна-эканамічных і іншых наступстваў яе рэалізацыі», — гаворыцца ў дакумэнце.

Рашэньне падпісана намесьнікам старшыні Маладэчанскага райвыканкаму Сяргеем Боханам, паведамляе выданьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Застанецца толькі зьехаць адсюль». Мясцовыя жыхары зьбіраюць подпісы супраць будаўніцтва сховішча фэкаліяў пад Маладэчнам

У сакавіку стала вядома, што побач зь вёскамі Краснае і Іванцэвічы Маладэчанскага раёну, на месцы былога пясчанага кар’ера, заплянавалі будаўніцтва сажалкі-назапашвальніка «ападкаў гаспадарча-фэкальных сьцёкавых вод», якія будуць прывозіць зь Менску. Калі б сажалку пабудавалі і яна пачала працаваць, туды штодзень маглі б дастаўляць і выгружаць да 50 самазвалаў каналізацыйных адходаў.

Мясцовыя жыхары, даведаўшыся пра гэта, сталі актыўна зьбіраць подпісы супраць будаўніцтва.