Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Застанецца толькі зьехаць адсюль». Мясцовыя жыхары зьбіраюць подпісы супраць будаўніцтва сховішча фэкаліяў пад Маладэчнам


Маладэчна, ілюстрацыйнае фота
Маладэчна, ілюстрацыйнае фота

Побач зь вёскамі Краснае і Іванцэвічы Маладэчанскага раёну, на месцы былога пясчанага кар’ера, заплянавалі будаўніцтва сажалкі-назапашвальніка «ападкаў гаспадарча-фэкальных сьцёкавых вод», якія будуць прывозіць зь Менску, піша рэгіянальны партал Kraj.by.

Калі сажалку пабудуюць і яна пачне працаваць, туды штодзень могуць дастаўляць і выгружаць да 50 самазвалаў каналізацыйных адходаў.

Заказчык будаўніцтва сажалкі-назапашвальніка — УП «Менскводаканал». Як патлумачыла выданьню інжынэр прадпрыемства Сьвятлана Верамейка, гаворка ідзе пра сухія абязводжаныя фэкаліі, якія будуць вывозіць са зьбудаваньняў Менскай ачышчальнай станцыі. Месца пад Маладэчнам абралі таму, што былы карʼер акружаны лесам, які мусіць перашкодзіць ветру разносіць непрыемныя пахі. Паводле інжынэра, выкананыя ўсе нарматывы па зоне распаўсюджваньня гэтых пахаў, экалягічныя нормы не парушаюцца.

Месца будучай сажалкі знаходзіцца за 2 км на паўночны захад ад Іванцэвічаў, за 16 км на паўднёвы ўсход ад Маладэчна. Арыенціровачны пляц складае 17 гектараў. Пачатак рэалізацыі праектных рашэньняў — 2024 год. Умяшчальнасьць сажалкі-назапашвальніка складзе 1,5 мільёна кубічных мэтраў, пэрыяд эксплуатацыі складзе 8 гадоў.

Жыхары навакольных вёсак зьбіраюць подпісы супраць будаўніцтва сажалкі-назапашвальніка

Старасты вёсак Іванцэвічы і Відзеўшчына пачалі зьбіраць подпісы супраць будаўніцтва сховішча каналізацыйных адходаў.

«Людзі падпісваюцца з аўторка, 14 сакавіка. У нас у вёсцы 66 дамоў, і за два дні мы сабралі ўжо больш за 60 подпісаў. Сьпіс ляжыць у краме. Падпісваюцца ўсе, хто туды прыходзіць. 17 сакавіка зьбіраемся гэты сьпіс перадаць у сельсавет», — кажа стараста Іванцэвічаў Людміла.

Таксама подпісы зьбіраюць у вёсцы Краснае і пасёлку Чысьць.

«Калі сховішча будзе пабудаванае, нам застанецца толькі прадаць дом і зьехаць адсюль, — кажа жыхар вёскі Краснае Андрэй. — У справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня сажалкі-назапашвальніка на навакольнае асяродзьдзе гаворыцца, што бліжэйшая водазаборная сьвідравіна знаходзіцца больш чым у 2 км ад участку будучай сажалкі, але гэта ня так. Па мапе можна вызначыць, што бліжэйшыя вадазаборы садоўніцкіх таварыстваў разьмешчаныя на адлегласьці каля 800 мэтраў. Жыхары Чысьці нават склалі дакумэнт, які даказвае, што дасьледаваньні праведзеныя некарэктна».

Дату пачатку грамадзкіх абмеркаваньняў прызначылі на 4 сакавіка, дату заканчэньня — на 3 красавіка. Гэта значыць, што, калі людзі зьбяруць і перададуць у райвыканкам подпісы супраць будаўніцтва сажалкі-назапашвальніка, то іх могуць запрасіць на сход не раней за 29 сакавіка і не пазьней за 3 красавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG