«У душэўнай атмасфэры». Юбілей магілёўскага інстытуту міліцыі адзначылі з курсантамі ў форме НКВД і сёстрамі Грузьдзевымі

Сьвяткаваньне юбілею ў Магілёўскім інстытуце МУС

7 красавіка ў Магілёўскім інстытуце МУС прайшоў урачысты сход у гонар 75-годзьдзя з дня яго ўтварэньня. Навучальную ўстанову заснавалі ў 1948 годзе, гэта адна з найстарэйшых ВНУ МУС у Беларусі.

У мерапрыемстве прыняў удзел міністар унутраных справаў Іван Кубракоў.

Тэлеграм-канал Міністэрства ўнутраных справаў апублікаваў фатаздымкі з адзначэньня юбілею. На адным зь іх курсанты стаяць у форме міліцыі розных гадоў, у тым ліку і ў форме НКВД.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фрыдман: Чаму Лукашэнка і НКВД пашалелі на тэме шпіёнаў

Як адзначае МУС, падчас урачыстага канцэрту прагучалі відэавіншаваньні ад гурту «Аўра», а таксама сясьцёр Грузьдзевых. Абодва калектывы неаднаразова выступалі на праўладных мерапрыемствах і публічна падтрымліваюць Лукашэнку.

«Свой сюрпрыз падрыхтавалі і выпускнікі розных гадоў. Яны шчыра і пранікліва выканалі песьню „Не повторяется такое никогда“», — паведамляе тэлеграм-канал міліцыі Беларусі.

МУС апісвае сьвяткаваньне словамі — «У душэўнай атмасфэры».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 65 год таму камуністы асудзілі сталінізм. Як гэта было і чаму сталіністы ёсьць дагэтуль

Структуры НКВД у СССР выкарыстоўваліся для палітычных рэпрэсій, ахвярамі якіх стала больш за паўмільёна чалавек. Ужо пасьля сьмерці Сталіна Прэзыдыюму ЦК КПСС прадставілі «Матэрыялы праверкі аб парушэньнях законнасьці». У іх апісваліся канкрэтныя выпадкі тэрору. Мноства матэрыялу было і пра БССР. У прыватнасьці:

  • «У НКВД Беларускай ССР арыштаваных зацягвалі ва ўціхамірвальную кашулю, аблівалі вадой і выстаўлялі на мароз, улівалі ў нос нашатырны сьпірт, які зьдзекліва называлі «кроплямі шчырасьці».
  • «У Асобым аддзеле Беларускай вайсковай акругі арыштаваных прымушалі прысядаць сотні разоў зь Бібліяй у выцягнутых руках, брахаць па-сабачы».

Паказаньні начальніка аддзелу Наркамату ўнутраных справаў Беларусі:

  • «Зьбіцьцё арыштаваных, катаваньні, якія даходзілі да садызму, сталі асноўнымі мэтадамі допыту. Лічылася ганебным, калі ў сьледчага няма ніводнага прызнаньня ў дзень. У наркамаце быў суцэльны стогн і крык, які можна было пачуць за квартал ад наркамату. Асабліва вылучаўся сьледчы аддзел».

Менавіта савецкія органы ўнутраных справаў расстрэльвалі людзей у Курапатах і ў іншых месцах масавых забойстваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З прысыпаных ямаў тырчалі людзкія рукі». Як месца пахаваньня ахвяр сталінскіх рэпрэсій стала месцам «генацыду беларускага народу»