Завялі крымінальную справу супраць кіраўніцтва Кампутарнай акадэміі «ШАГ», правялі 37 ператрусаў

Ілюстрацыйнае фота

Камітэт дзяржкантролю Беларусі 7 красавіка паведаміў пра завядзеньне крымінальнай справы за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры ў дачыненьні да «трох заснавальнікаў і фактычных кіраўнікоў кампаніі, якая займаецца распрацоўкай праграмнага забесьпячэньня і паслугамі ў сфэры ІТ-адукацыі».

Паводле КДК, у пэрыяд з 2015 па 2021 гады «пры саўдзеле 11 асобаў яны стварылі 14 падкантрольных суб’ектаў гаспадараньня (з аднайменнай назвай асноўнага таварыства)», якія працавалі па спрошчанай сыстэме падаткаабкладаньня. Пры гэтым паміж імі «штучна разьмяркоўвалася дзейнасьць і выручка галаўной кампаніі, у выніку чаго была заніжаная падатковая база апошняй». Як сьцьвярджае КДК, гэта дазволіла кіраўнікам кампаніі «ўхіліцца ад выплаты падатку на суму 1,6 млн рублёў».

Таксама ведамства паведамляе, што ў межах справы «правялі 37 ператрусаў, наклалі арышт на маёмасьць падазраваных на суму больш за 2 млн рублёў». Кіраўнікі кампаніі нібыта «прызналі віну і кампэнсавалі прычыненую дзяржаве шкоду ў поўным абʼёме».

Паводле інфармацыі парталу dev.by, гаворка ідзе пра кампутарную акадэмію «ШАГ».

Акадэмія «ШАГ» у Беларусі зьявілася ў 2013 годзе. Яна спэцыялізуецца на прафэсійнай кампутарнай адукацыі і мае філіялы ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, а таксама ў Бабруйску і Баранавічах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт дзяржаўнага кантролю заявіў пра 23 ператрусы ў справе рэпэтытарскага цэнтру «100 балаў»

Нядаўна Камітэт дзяржаўнага кантролю заявіў пра завядзеньне 6 крымінальных спраў па выніках праверкі рэпэтытарскага цэнтру «100 балаў», у справе правялі 23 ператрусы. Як заявіў КДК, заснавальнікі цэнтраў Яўген Лівянт і Аляксей Іваноў і іх памочнікі нібыта рэгістравалі прыцягнутых на працу рэпэтытараў як індывідуальных прадпрымальнікаў (больш за 180 чалавек), што дазволіла «ўхіляцца ад выплаты падаткаў» з заробкаў работнікаў-ІП, а таксама ўнёскаў у ФСАН — агулам больш як на 3,6 млн рублёў.

Раней паведамлялі, што Аляксея Іванова і Яўгена Лівянта, а таксама яго жонку, дачку і зяця затрымалі па артыкуле 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці актыўны ўдзел у іх).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прайшлі ператрусы ў рэпэтытарскім цэнтры «100 балаў», затрыманай застаецца бухгальтарка цэнтру