Грамадзянін Беларусі Юры Белавусаў, які са жніўня 2022 году служыў па кантракце ва Ўзброеных сілах Украіны і ўдзельнічаў у баях за вызваленьне ад расейцаў паўднёвых тэрыторый краіны, ужо амаль паўгода знаходзіцца ў сьледчым ізалятары.
Яго затрымалі 18 кастрычніка 2022 году. Цяпер суд адмовіўся вызваліць яго пад хатні арышт, як настойваў адвакат беларуса, і падоўжыў утрыманьне пад вартай да 3 чэрвеня ўключна.
Суд пагадзіўся з довадамі абвінавачаньня аб тым, што абвінавачаны, «знаходзячыся на свабодзе, зможа зрабіць спробу схавацца ад суду, улічваючы пакараньне, якое яму пагражае ў выпадку вызначэньня судом яго вінаватасьці, учыніць іншае крымінальнае правапарушэньне, маючы доступ да зброі і ня маючы моцных сацыяльных сувязяў, месца пражываньня, месца працы».
Суд таксама адмовіўся задаволіць хадайніцтва адваката, які прасіў закрыць крымінальную справу супраць Юрыя Белавусава за даўнасьцю тэрмінаў прыцягненьня яго да адказнасьці.
Юрыя Белавусава абвінавачваюць у трох цяжкіх злачынствах — незаконнае пазбаўленьне волі і выкраданьне чалавека (ч. 2 арт. 146 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны), катаваньне (ч. 2 арт. 127) і пагроза забойствам (ч. 1 арт. 129).
Беларуса затрымалі 18 кастрычніка 2022 году. Падставай стала тое, што ён не зьяўляўся на пасяджэньні суду. На судовым пасяджэньні адвакат Юрыя Белавусава заявіў, што той ня мог самавольна пакінуць тэрыторыю вайсковай часткі, каб прыехаць на судовы разгляд справы. Але суд не ўлічыў гэтых абставін.
Яшчэ адзін фігурант гэтай справы — Юры Іёнаў, вядомы баец батальёну «Азоў» 2014 году. Але ён загінуў у 2022 годзе пры абароне Марыюпалю. У розны час Юры Іёнаў быў актывістам шэрагу грамадзкіх арганізацый, якія стварыў яшчэ адзін вядомы азовец, Сяргей Кароткіх: ён да атрыманьня ўкраінскага пашпарта быў грамадзянінам Беларусі.
У часе расьсьледаваньня сьледчыя высьветлілі, што ў сьнежні 2017 году Юры Белавусаў і Юры Іёнаў ехалі на аўтамабілі BMW па Кіеве і, праяжджаючы па адной з цэнтральных вуліц, выехалі на пешаходную зону. Адзін зь мінакоў зрабіў ім заўвагу. У адказ яны запхалі таго ў аўтамабіль на задняе сядзеньне.
Як удакладніў на адным з судовых пасяджэньняў пракурор, Юры Белавусаў пагражаў пацярпеламу прадметам, падобным на пісталет, загадваў таму «легчы на зямлю тварам уніз і піць ваду з лужыны», а гэтыя дзеяньні суправаджаў «біцьцём і іншымі гвалтоўнымі дзеяньнямі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мог выехаць у Польшчу, але пайшоў служыць ва ўкраінскае войска». Што вядома пра затрыманага ва Ўкраіне беларускага добраахвотнікаПершапачаткова Юрыя Белавусава затрымалі 28 траўня 2020 году. Ён знаходзіўся пад вартай да 8 верасьня 2020 году — да таго моманту, калі суд зьмяніў меру папярэдняга стрыманьня на альтэрнатыўную, унясеньне грашовага закладу ў памеры 42 040 грыўняў (на той момант каля 1,5 тысячы даляраў у эквіваленце. — РС).
Ад жніўня 2022-га Юры Белавусаў служыў стралком у адной з вайсковых частак Узброеных сіл Украіны. Ягоныя камандзіры зьвярталіся ў суд з хадайніцтвам аб узяцьці беларуса на парукі, але суд у гэтым адмовіў.