«Беларусы атрымалі магчымасьць, асабліва апошнім часам, выяжджаць, атрымліваць эўрапейскую адукацыю, і яны ўсьведамляюць, дзе магла б быць Беларусь пры нармальным кіраваньні краінай, — сказала яна. — То бок мы нацыя эўрапейская, мы заўсёды належалі Эўропе і, напэўна, толькі апошнія 100 гадоў мы ў арбіце Расеі, нам ад гэтага трэба адыходзіць».
Дэмакратычная лідэрка перакананая, што ў Літве «ніхто ня хоча дыскрымінаваць беларусаў», тут да іх «ставяцца з адкрытай душой і сэрцам». Яна падзякавала літоўскаму кіраўніцтву за тое, што там «падзяляюць беларускі рэжым і беларусаў, і падзяляюць расейцаў і беларусаў».
Нормы прынятага 4 красавіка закону аб адказнасьці за ваенную агрэсію супраць Украіны, зьвярнула ўвагу палітык, для беларусаў былі ў значнай ступені зьмякчаныя. «Вялікі крок насустрач, які быў зроблены нам, беларусам, у гэтым законе, гэта, можа, нават больш, чым Літва магла б зрабіць», — сказала Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Група беларусаў зьвярнулася да прэзыдэнта Літвы з патрабаваньнем адрозьніваць беларусаў ад расейцаўЯна спадзяецца, што літоўскі прэзыдэнт Гітанас Наўседа ня будзе блякаваць прыняты закон.
Камэнтуючы пляны Расеі разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі тактычную ядзерную зброю, Ціханоўская падкрэсьліла, што для беларусаў відавочная «поўная залежнасьць» Аляксандра Лукашэнкі ад Уладзіміра Пуціна. «Гэта не Лукашэнка, які лічыць сябе лідэрам краіны (беларусы разумеюць, што ён прайграў выбары, ён ня мае ніякага права прадстаўляць краіну), а Пуцін выказаўся пра тое, што ён разьмесьціць зброю [на беларускай тэрыторыі], можа, нават і не спытаўшыся [Лукашэнкі]», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
У цяперашніх умовах, лічыць Ціханоўская, практычна немагчыма, каб у краіне пачаліся пратэсты супраць разьмяшчэньня ў краіне расейскай ядзернай зброі. Яна нагадала пра штодзённыя затрыманьні, рэпрэсіі, інфармацыйны вакуўм з прычыны адсутнасьці ўнутры Беларусі незалежных СМІ, масавае пазбаўленьне ліцэнзій адвакатаў, якія абараняюць абвінавачаных з палітычных матываў. Рэжым робіць усё, каб «сьвет менш ведаў пра тое, што адбываецца ў турмах». «Проста ўявіце гэты страшны ўзровень рэпрэсій», — сказала дэмакратычная лідэрка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарадца Ціханоўскай: Мы працуем над тым, каб на законапраект аб абмежавальных мерах у Літве не было накладзена вэтаСейм Літвы 4 красавіка прыняў закон аб абмежавальных мерах у адносінах да грамадзян Беларусі і Расеі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны. Большасьць абмежавальных мер для беларусаў зьмякчылі.
Да прыняцьця закону паведамлялася, што Наўседа можа накласьці на яго вэта, калі абмежаваньні супраць беларусаў і расіян будуць няроўныя. Калі дакумэнт прынялі, стала вядома, што літоўскі прэзыдэнт мае намер прынамсі прааналізаваць прапісаныя ў ім абмежаваньні.
На сустрэчы 5 красавіка Ціханоўская і кіраўнік МУС Літвы Агне Білатайце дамовіліся сфармаваць рэгулярна дзейную працоўную групу, якая будзе разглядаць практычныя пытаньні, зьвязаныя з жыцьцём беларусаў у Літве.