Міжнародная IT-кампанія Kyriba пакідае Беларусзь, прапрацаваўшы ў краіне каля пяці гадоў. Яе беларуская юрыдычная асоба ТАА «Кайрыба Інжынірынг» з канца 2022 году знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі — запіс аб гэтым ёсьць у часопісе «Юстыцыя Беларусі», паведаміў Office Life.
Kyriba — амэрыканская кампанія з францускімі каранямі, якая займаецца хмарнымі рашэньнямі для кіраваньня фінансамі і рызыка-мэнэджмэнту, яна лічыцца адным з сусьветных лідэраў у сваёй сфэры. Сярод яе кліентаў — Amazon, Uber, Tesla, Auchan, Hermes, BBC Worldwide, Europcar, Hilton.
Галоўны офіс кампаніі знаходзіцца ў Нью-Ёрку. Цяпер у яе ёсьць прадстаўніцтвы ў 11 краінах і, разам зь Менскам, было чатыры цэнтры распрацоўкі — у Сан-Дыега, Парыжы, апошнім быў адкрыты цэнтар у Варшаве ў сьнежні 2020 году. Менскага прадстаўніцтва больш ня будзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь Беларусі сыходзяць яшчэ дзьве вядомыя IT-кампанііАб адкрыцьці цэнтру распрацоўкі ў Менску стала вядома ў кастрычніку 2018 году, яго стварылі на базе падразьдзяленьня кампаніі, адкрытай сумесна зь Belhard на год раней, пісаў dev.by. У прэс-канфэрэнцыі наконт адкрыцьця ўдзельнічала нават кіраўніцтва Парку высокіх тэхналёгій, рэзыдэнтам якога стала беларуская «дачка» Kyriba.
У менскім офісе, як паведамлялася тады, павінны былі працаваць каля 90 чалавек пры глябальнай колькасьці ў 550 супрацоўнікаў.
Цяпер «Кайрыба Інжынірынг» на сайце ПВТ усё яшчэ значыцца рэзыдэнтам, але з сайту самой кампаніі інфармацыя аб менскім офісе ўжо зьнікла.
У канцы студзеня 2023 году Савет Міністраў уключыў «Кайрыбу Інжынірынг» у пералік прадпрыемстваў-інвэстараў зь «недружалюбных» краін, продаж і адчужэньне якіх абмежаваныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядомы распрацоўшчык фітнэс-прыкладаньняў закрывае кампанію ў Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінскім уладальнікам «Лідзкага піва» не далі прадаць бізнэс, а цяпер аштрафавалі прадпрыемства на 12 млн эўра